Сусветны тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў

18 студзеня распачынаецца Сусветны тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў.

Ілюстрацыйная выява. jeunescathos-bxl.org

Ілюстрацыйная выява. jeunescathos-bxl.org


Ідэя міжканфесійнай малітвы мае больш як стогадовую гісторыю. Штогод паміж 18 і 25 студзеня хрысціяне розных канфесій звычайна збіраліся разам па ўсім свеце на экуменічнае набажэнства, малітвы, канферэнцыі, канцэрты ды іншыя сустрэчы. Дзесьці нават гэты час працягваўся даўжэй — ад некалькі тыдняў да месяца.

Па словах пробашча парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім Мікалая Ціхановіча, сёлета Сусветны тыдзень малітваў пройдзе пад заклікам “Імкніцеся да справядлівасці!”.

— Што мы разумеем пад грамадскай справядлівасцю? Грамадства імкнецца да грамадскай справядлівасці. І з чым яна звязана? Звязана з агульным дабром, з ажыццяўленнем улады, калі стварае ўмовы, якія дазваляюць аб’яднанням і асобам дасягнуць таго, на што яны маюць права. Вось гэта ў такім дактрынальным значэнні, адміністрацыйным, а таксама праўным. То бок даць магчымасць рэалізавацца і супольнасцям, і асобным людзям у іх асабістых выбарах, талентах, жаданнях згодна з іх чалавечым правам.

На працягу Сусветнага тыдня малітваў у храмы запрашаюцца падчас экуменічнага набажэнства духоўныя прадстаўнікі іншых веравызнанняў. Асабліва гэта практыкуюць каталікі, часцей за ўсё ім насустрач ідуць святары Царквы Хрысціян Веры Евангельскай.

Штогод на Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў рыхтуюцца матэрыялы з біблейскіх тэкстаў, разважанняў і малітваў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя