Зімбабвэ. Набывайце квіткі ў рай!

Яшчэ ў чэрвені мінулага года ў Зімбабвэ паліцыя арыштавала за фінансавыя злачынствы мясцовага пастара Ціта Ватса. Справа не выклікала цікавасці ані ў лакальнай прэсе, ані ў сусветнай, пакуль днямі не высветлілася прычына арышту.

biznes_nebo.jpg


 Аказваецца, Ватс трапіў за краты праз… продаж квіткоў у рай. Усяго за 500 долараў кожны вернік мог набыць квіток, уладальніку якога пасля смерці гарантавалася атрыманне прапіскі ў садах Эдэму. 

Жадаючых набыць квіткі хапала, нягледзячы на тое, што сярэдні заробак у краіне складае каля 60 долараў. 

Сам пастар віны не прызнае ды кажа, што выконваў працу за Бога. Больш за тое, ён сцвярджае, што патэнт на продаж тых квіткоў яму даў Бог падчас асабістай сустрэчы. 

Падобная гісторыя магла адбыцца, напэўна, толькі ў Зімбабвэ, дзе вернікі фантастычна даверлівыя. У 2017 годзе ў іх не выклікала ніякага скепсісу заява іншага пастара, які сцвярджаў, што мае ў сваім офісе прамую тэлефонную лінію з Богам.

Паводле французскай прэсы