Свабодны прафсаюз металістаў рыхтуе патрабаванні ўраду

Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), які ўваходзіць у склад Беларускага кангрэса незалежных прафсаюзаў, на пасяджэнні Савета 3 кастрычніка сфармуляваў шэраг патрабаванняў ураду краіны.

4bca0e5735e29c6a82ff7b6091efd03b_0.png


Як паведаміў БелаПАН старшыня СПМ Аляксандр Бухвостаў, «там больш за 30 пунктаў па сацыяльных, эканамічных і працоўных праблемах: «Яны грунтуюцца на платформе “Годная праца для Беларусі”, якую мы яшчэ ў мінулым годзе прымалі ў кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў».

Па словах Бухвостава, вылучыць ураду патрабаванні эканамічнага характару было вырашана ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі на прадпрыемствах.

«Цяпер ідуць палітычныя патрабаванні: рабочым прапанавалі вырашыць пытанне з палітычнай забастоўкай, выступіць за адстаўку Лукашэнкі, — адзначыў прафсаюзны лідар. — Але калі я сустракаўся з многімі рабочымі, пытанне стаяла і аб эканамічных праблемах — заработнай плаце, кароткатэрміновых кантрактах і іншых».

У пасяджэнні Савета СПМ, паведаміў ён, удзельнічалі прадстаўнікі розных заводаў краіны, іх папрасілі распаўсюдзіць інфармацыю ў сваіх калектывах. Бухвостаў падкрэсліў, што цяпер неабходна «вывесці людзей з Федэрацыі прафсаюзаў як арганізацыі, якая скампраметавала сябе, якая здрадзіла рабочых і не абараняе іх», а таксама «прапанаваць рабочым уступаць у незалежныя прафсаюзы».

Праграмы незалежных прафсаюзаў, па яго словах, вядомыя — яны дамагаюцца таго, каб «цана рабочай сілы была роўная яе рэальнаму кошту, а не мінімальнай зарплаце».

«Па нашых разліках, мінімальная зарплата рабочых цяпер павінна быць каля 4 тысяч рублёў, таму што цэны на рынку амаль такія ж, як і ў развітых цывілізаваных краінах, — падкрэсліў старшыня СПМ. — Мы хочам паставіць планку, за якую павінны змагацца рабочыя. Гэта не значыць, што ўрад заўтра вырашыць усе праблемы. Але ён павінен выразна паглядзець на сваю перспектыву: можа ён кіраваць эканомікай ці не, ці можа дасягнуць паказчыкаў, якіх мы патрабуем? Калі не, значыць чальцы ўрада павінны сыходзіць у адстаўку разам са сваім прэзідэнтам».

Бухвостаў паведаміў, што на працягу бліжэйшых дзён пералік патрабаванняў будзе дапрацаваны і накіраваны ў Савет міністраў, пасля чаго яго абнародуюць.

Лідэр СПМ таксама паведаміў, што на пасяджэнні было прынята рашэнне аб стварэнні пярвічных арганізацый прафсаюза на пяці машынабудаўнічых прадпрыемствах Беларусі. Дзе канкрэтна, Бухвостаў пакуль не раскрывае, каб, па яго словах, не нашкодзіць працэсу стварэння гэтых арганізацый.

Паводле naviny.media