Святлана Завадская: Вельмі шкада, што Лукашэнку спрабуюць выставіць нейкім «міратворцам»

15 гадоў таму, 7 ліпеня 2000 году, быў выкрадзены беларускі журналіст Зміцер Завадскі. Адказаў на многія пытанні, якія тычацца гэтага злачынства, дагэтуль няма. Пра гэта сайту charter97.org распавяла Святлана Завадская, жонка Змітра Завадскага.



ai_158667_aux_head_20150707_zawadskaya_new_t.jpg

— У гэты дзень хочацца кудысьці бегчы, — кажа яна пра гадавіну трагічнай даты. — Мы сустракаемся з мамай Змітра ў ягоны дзень нараджэння — 28 жніўня. Гэта ўжо наша традыцыя. А гэты дзень — страшны смутны дзень. Мы стэлефаноўваемся, даём адно аднаму зразумець, што мы памятаем, але стараемся на гэтую тэму не гаварыць, таму што гэта вельмі цяжкія ўспаміны, паверце.

— Раскажыце, калі ласка пра тое, што адбывалася 7 ліпеня 2000. Як вы даведаліся аб знікненні Змітра?

— Быў такі ж цёплы летні дзень. Зміцер устаў раніцай, спазняўся. Дзесьці а 10:10 ён выйшаў з дому, сеў у машыну і з'ехаў. Я чула, як ён спускаўся, у нас такая чутнасць, што чутныя крокі на лесвіцы, калі бяжыш, а ён бег, — успамінае яна трагічны дзень 7 ліпеня 2000 года. — Памятаю, што чакала яго на вячэру. Тэлефанавала ў офіс ОРТ. Там сказалі: «Дзмітрый на здымках». Як мне потым тлумачылі, яны не маглі самі паверыць у тое, што адбылося, думалі, што вось-вось ён з'явіцца і не хацелі мяне палохаць. Ужо потым, было дзесьці гадзін 11 вечара прыехала здымачная група ОРТ і сказалі, што машыну знайшлі ў аэрапорце, а Змітра дагэтуль няма.

Гэта была самая страшная ноч, было пачуццё, якое мне падказвала, што я ўжо ніколі яго не ўбачу. Мне потым мама распавядала, што я крычала ўначы, што яго больш не знойдуць. У тым момант яшчэ можна было думаць, што ён вернецца і гэта нейкае непаразуменне... Гэта быў самы жудасны дзень у маім жыцці.

— Вы прысутнічалі на судзе над Валерыем Ігнатовічам і ягонымі людзьмі. Што вы думаеце пра гэты працэс і яго вынікі?

— Я добра памятаю, што было вельмі дзіўна, што суду не ўдалося высветліць ні дакладнага матыву, ні месца, ні часу злачынства. Не было высветлена, дзе быў Зміцер выкрадзены, па дарозе ці ў аэрапорце, у двары, у самым аэрапорце. Гэта значыць, усё, што адбывалася, было нацягнута настолькі, што мне, чалавеку, які першы раз удзельнічаў у падобным працэсе, было зразумела, што ў гэтай справе нешта не так і карані ідуць глыбока ў кулуары ўлады. Таму ў мяне заўсёды было адчуванне, што Ігнатовіч — проста «казёл адпушчэння», якога знайшлі, каб павесіць на яго гэта злачынства.

Ён амаль 15 гадоў знаходзіцца ў зняволенні і ці то следства з ім дагэтуль не працуе, ці то наогул ім гэта не трэба, і яны выдатна разумеюць, што гэта не ён зрабіў, таму не варта з ім працаваць. Мне, напрыклад, гэта незразумела на сённяшні дзень. Я ведаю, як нашы праваахоўныя органы ўмеюць выбіваць паказанні. Вельмі дзіўна, што яны не дазналіся за ўвесь гэты час, дзе ж усё ж такі Ігнатовіч схаваў цела Завадзкага, куды яны яго схавалі, каму перадалі і гэтак далей.

Пытанні як былі 15 гадоў таму, так і засталіся. Няма адказу пакуль на іх, і гэта вельмі сумна.

— Выкраданні вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў сёння адбываюцца не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі. Ці ёсць, на ваш погляд, паралелі паміж імі?

— Сёння, калі адбылося забойства Барыса Нямцова ў Маскве, я нейкім чынам звязала нейкія канцы ў пэўным сэнсе. Калі ўлада дае нейкай групе людзей карт-бланш на забойствы, знішчэнні, запалохванні і гэтак далей, рана ці позна гэтыя людзі выходзяць з-пад кантролю і чыняць тое, што ім заманецца. Я чамусьці думаю, што Дзіма стаў ахвярай такой жа сітуацыі. Ён асабіста ніякім чынам не пагражаў Лукашэнку ці яшчэ камусьці. Проста з ім хтосьці наважыў расправіцца за нейкія іншыя ўчынкі. А калі Лукашэнка даведаўся, што гэта зрабілі ягоныя людзі, тыя ж, якія выкрадалі і забівалі вядомых палітыкаў, то нічога не змог рабіць, акрамя як проста іх прыкрыць.

— Лукашэнка неаднаразова абяцаў раскрыць справы аб гучных выкраданнях у Беларусі. Ці праводзяцца якія-небудзь следчыя дзеянні цяпер?

— Звярніце ўвагу, што ён не сам па сабе пра іх казаў. Гэта гучала тады, калі журналісты цікавіліся гэтымі справамі і ён быў вымушаны так ці інакш рэагаваць на гэта. Але мабыць цяпер ніхто гэтым не цікавіцца і мабыць журналісты не задаюць гэтых пытанняў. Напэўна, вельмі шкада. Я не ведаю, хто ў гэтым вінаваты. Можа быць, і мы вінаватыя, сваякі, што ў нейкі момант наважылі, што ўсё, што маглі, мы зрабілі. Можа быць, гэта нашы беларускія апазіцыйныя палітыкі, якія дагэтуль ездзяць па Еўропе і Амерыцы, і не падымаюць гэтае пытанне. Я не ведаю, каго вінаваціць, але сітуацыя склалася такім чынам, што сёння забытая гэтая тэма. Вельмі шкада, што пры гэтым Лукашэнку спрабуюць выставіць нейкім міратворцам. Адразу ж хочацца нагадаць пра тое, што адбывалася ў канцы дзевяностых — пачатку двухтысячных і хочацца каб людзі, еўрапейскія палітыкі, разумелі, з кім яны маюць справу. Гэты чалавек ніколі не зменіцца і заўсёды будзе весці такую агрэсіўную палітыку.

Справа была прыпынена яшчэ ў 2006 годзе, і дагэтуль яна не аднаўлялася. Гэта больш за 9 год. Таму тут ніякіх навін ні з пракуратуры, ні з іншых устаноў быць не можа. Мы кожны год спрабуем пісаць запыты, але заўсёды прыходзяць адны і тыя ж адпіскі, да якіх мы ўжо прывыклі. Але мы стараемся трымаць гэтую справу на паверхні, каб яны хаця б разумелі, што мы памятаем. Не ведаю як іншыя, але сваякі зніклых чакаюць як бы там ні было нейкіх вынікаў.

— Дык калі ж, па-вашаму, мы даведаемся праўду пра знікненні Дзмітрыя Завадскага, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага?

— Я ўпэўнена, што гэтага не будзе пры цяперашняй уладзе. Цяперашняя ўлада зрабіла ўсё, каб гэтыя справы не выкрыць, а пахаваць, каб мы ніколі нічога не даведаліся, каб ніколі не знайшлі целы нашых блізкіх людзей. Мы проста чакаем нейкага цуду, пераменаў, нешта спрабуем рабіць для гэтага ў сілу сваіх магчымасцяў.

charter97.org