Святлана Алексіевіч: «Па якім праве мы можам рабіць справу Бога?»
За гады незалежнасці ў Беларусі было вынесена больш за трыста смяротных прысудаў. "Смяротнае пакаранне кажа пра ступень нашай дзікасці", лічыць Святлана Алексіевіч
У Гомелі 12 жніўня праходзіла сустрэча Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч з зацікаўленымі грамадзянамі, паведамляе “Гомельская вясна”.
Падчас сустрэчы праваабаронца Леанід Судаленка папрасіў выказацца Святлану Алексіевіч пра яе стаўленне да смяротнага пакарання ў Беларусі.
«Любы нармальны чалавек у ХХІ стагоддзі, вядома ж, супраць смяротнага пакарання. Па якім праве мы можам рабіць справу Бога? Нават калі маньяк, калі гэта страшны чалавек… Я разумею, калі вар'яцкі бацька ці маці хочуць забіць у зале суда, я разумею іх адчай, але дзяржава не павінна так паступаць. Ва ўсім свеце гэтага няма, гэта кажа аб ступені нашай дзікасці», — у такой катэгарычнай форме прагучаў адказ Нобелеўскай лаўрэаткі.
Па паведамленні праваабарончага цэнтра "Вясна" за гады незалежнасці ў Беларусі было вынесена больш за трыста смяротных прысудаў.