Шаркоўшчына. Хросны ход ва ўспамін кананізацыі святара — ахвяры бальшавізму
У Шаркоўшчыне прайшла ўрачыстая служба і хросны ход у гонар 5-х угодкаў кананізацыі айца Канстанціна Жданава.
Канстанцін Жданаў нарадзіўся 22 сакавіка 1875 года ў мястэчку Старая Шаркоўшчына ў сям’і праваслаўнага святара. 30 красавіка 1900 года ў Ковенскім Петра-Паўлаўскім саборы ён быў рукапакладзены ў сан святара, пасля чаго стаў настаяцелем прыхода ў Старой Шаркоўшчыне.
Дзякуючы яго намаганням тут быў пабудаваны і асвечаны новы Свята-Успенскі храм. Выкладаў Закон Божы ў трох вясковых школах, выконваў абавязкі загадчыка Беразвецкай жаночай вучэльні ў Шаркоўшчыне.
Вясной 1919 года бальшавікі арыштавалі айца Канстанціна адразу пасля набажэнства і пад канвоем перавезлі ў Дзісну, дзе падверглі катаванням: білі рыдлёўкай па галаве, адсеклі вуха, вырывалі валасы на галаве, пераламалі нагу. Перад смерцю святар папрасіў дазволу памаліцца. Пасля кароткай малітвы яго аглушылі моцным ударам і жывога закапалі ў яму.
Пахаваць айца Канстанціна ўдалося толькі праз два месяцы, пасля таго, як у чэрвені 1919 года польскія войскі пры падтрымцы мясцовых паўстанцаў вызвалілі Дзісненскі павет ад камуністаў. Святара пахавалі ў падвале пад алтаром Свята-Адзігітрыеўскай царквы ў Дзісне.
Урачыстае далучэнне айца Канстанціна Жданава да ліку святых адбылося 4 чэрвеня 2011 года ў Свята-Уваскрасенскім храме Дзісны. У гэтым жа храме захоўваюцца мошчы пакутніка.
Фота Андрэя Букі