Шэнгенскія візы для беларусаў будуць каштаваць 35 эўра?
Начальнік дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун выказаў надзею, што да канца году будзе падпісанае пагадненне з Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму.
У такім выпадку, заявіў чыноўнік падчас інтэрнэт-трансляцыі, ужо ад 1 студзеня 2018 году шэнгенская віза для беларусаў патаннее да 35 еўра, піша svaboda.org.
«У чэрвені пройдуць чарговыя і, думаю, канчатковыя кансультацыі з Еўрапейскім саюзам, — патлумачыў Аляксей Бягун. — Пасля ўступлення ў сілу пагаднення шэнгенскія візы беларусы змогуць атрымліваць на больш доўгі тэрмін — у тым ліку на 3 і 5 гадоў».
Аляксей Бягун нагадаў, што Беларусь ня першы год вядзе кансультацыі і перамовы са структурамі Еўрасаюзу дзеля спрашчэння візавых фармальнасцяў. Нарэшце працэс набліжаецца да лагічнага завяршэння:
«Наш дыялог то аднаўляўся, то прыпыняўся. Цяпер мы знаходзімся на завяршальным этапе, — распавёў Аляксей Бягун. — За выключэннем некаторых няўзгодненых пытанняў, мы завяршылі кансультацыі з Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавых фармальнасцяў. Дакументы практычна гатовыя да парафіявання».
На думку Бегуна, у рамках чэрвеньскага візіту ў Мінск экспертаў Еўрасаюзу беларускі бок завершыць перамовы і здолее адстаяць пазыцыі, якія прапаноўваліся ў рамках пагадненняў аб рэадмісіі і спрашчэння паездак грамадзянаў у шэнгенскую зону.
Таксама Аляксей Бягун паведаміў, што да 1 студзеня 2019 года ў Беларусі будуць уведзены біяметрычны пашпарт і нацыянальная ID-карта.
Паводле яго слоў, пашпарт будзе прызначаны выключна для паездак за мяжу, а карта будзе асноўным дакументам, які сведчыць асобу. «Яна будзе ўтрымліваць лічбавы подпіс і будзе палегчыць працу грамадзяніна з электронным урадам. У электронным чыпе у пашпарце будуць прысутнічаць персанальныя дадзеныя грамадзяніна. У прыватнасці, фатаграфія, электронны подпіс і адбіткі пальцаў. Гэта робіцца для таго, каб палегчыць мінанне адпаведных відаў кантролю на мяжы, спрасціць пэўныя механізмы атрымання віз і павялічыць ступень абароны пашпарта грамадзяніна Беларусі», — адзначыў Аляксей Бягун.