Шэсць пратаколаў на двух журналістаў-фрылансераў

Гомельскі фрылансер Кастусь Жукоўскі атрымаў поштай з Лоева чатыры адміністрацыйныя пратаколы, а Аляксей Атрошчанка — два.

2c321865_4983_4540_b553_3a4d17a58aff_w987_r1_s.jpg


Усе яны тычацца інцыдэнту з затрыманнем журналістаў 21 чэрвеня, калі тыя здымалі на відэа мясцовы камбінат будаўнічых матэрыялаў.
Першымі да іх пад’ехалі чыноўніцы з райвыканкама, загадалі спыніць здымкі і паказаць дакументы. “Жукоўскі паказаў ім пасведчанне рыбака-аматара. Відаць, чыноўніцы пакрыўдзіліся і выклікалі міліцыю”, — лічыць Аляксей Атрошчанка.
Усе пратаколы склаў 28 чэрвеня старшы ўчастковы інспектар, маёр міліцыі Андрэй Хічоў.
На Жукоўскага два пратаколы склалі нібыта за абразу мясцовых чыноўнікаў: кіраўніцы спраў Лоеўскага райвыканкама Ірыны Пастуховай, намесніцы старшыні райвыканкама па ідэалогіі Наталлі Кауравай, а таксама першага намесніка начальніка РАУС Генадзя Маджары.
Трэці пратакол на Жукоўскага — за нібыта непадпарадкаванне Маджару, чацвёрты — за дробнае хуліганства. Паводле пратакола, Жукоўскі “парушыў дзейнасць арганізацыі РАУС”, “моцна крычаў”, “выклікаў праклёны” і “сваімі дзеяннямі выказваў яўную непавагу грамадству”.
“У пратаколах ані слова не сказана, у чым выявілася абраза. Калі мяне душылі ў міліцыі, ціснулі галаву каленам да падлогі, я сапраўды крычаў, каб “здохлі тыя ажно да пятага калена, хто парушае заканадаўства”, — узгадвае Кастусь Жукоўскі. — Затрымлівалі нас 21 чэрвеня, а пратаколы складалі амаль праз тыдзень. Выглядае, што гэткім мноствам пратаколаў лоеўская міліцыя адрэагавала на публічнае абяцанне міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча “не пакінуць без увагі” інцыдэнт у Лоеве. Так лоеўскай міліцыі будзе прасцей апраўдвацца за тое, што перашкаджалі відэаздымкам камбіната будматэрыялаў, які апынуўся ў крызісным стане”.
Атрошчанку таксама вінавацяць у абразах і непадпарадкаванні.  
Наколькі можна было разабрацца ў почырку ўчастковага, вінаваціць ён мяне (даслоўна) у“выказванні абразы службовых асоб дзяржаўнага органа пры выкананні імі службовых абавязкаў, паўнамоцтваў…, здымаючы ўсё на відэаздымкі”.  Выглядае, што падчас відэаздымкаў каля камбіната будматэрыялаў я яшчэ і нядобра выказваўся на адрас кіраўніцы спраў Лоеўскага райвыканкама Ірыны Пастуховай і намесніцы старшыні райвыканкама па ідэалогіі Наталлі Кауравай. Пастухова пазначана ў пратаколе пацярпелай, а Каурава — сведкай”, — паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Аляксей Атрошчанка.
Другі пратакол на Атрошчанку тычыцца непадпарадкавання законным патрабаванням начальніка міліцыі Уладзіміра Бухаўцова. “Нібыта я адмаўляўся садзіцца ў службовы аўтамабіль, каб мяне везлі ў РАУС дзеля складання пратакола за абразу вышэйпамянёных чыноўніц”.
Атрошчанка перакананы, што менавіта чыноўніцы выклікалі міліцыянтаў. У затрыманні ўдзельнічалі пяцёра супрацоўнікаў РАУС, у тым ліку два падпалкоўнікі. На пачатку прыехалі двое супрацоўнікаў ДАІ, а пасля і сам начальнік міліцыі з двума памочнікамі.
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"