Школа «Гарадскія грамадскія прасторы: устойлівае развіццё»

Лятучы універсітэт у партнёрстве з таварыствам «Зялёная сетка», часопісам «Гарадскія тактыкі», «Архітэктурным Бюро 35» і беларускай партыяй «Зялёныя» запрашае на адукацыйную праграму.

picture_by.png

Мэта праграмы — развіццё  ўяўленняў і практык працы з гарадскімі грамадскімі прасторамі. Заяўкі прымаюцца да 12 лютага.
Сёння грамадская прастора — гэта кропка канцэнтрацыі праблем развіцця горада: сацыяльных і культурных, палітычных і прававых, інфраструктурных і эканамічных. Паркі, плошчы, гандлёвыя цэнтры, вакзалы — ўсё гэта месцы сутыкнення гараджанаў, супольнасцяў, інстытутаў і структур, а таксама іх інтарэсаў і розных оптык і логік. Гэта кропка напружання і энергіі гарадскога развіцця. Гэта кропка, адкуль паўстаюць практычныя пытанні, якія патрабуюць сур’ёзнай даследчай і праектнай працы, шырокага кола ведаў і здольнасцяў да супольнай працы.
Удзельнікі праграмы атрымаюць сістэмныя веды пра сучасныя накірункі развіцця гарадоў і грамадскіх прастораў у іх, практычныя навыкі крытычнага мыслення і даследчай працы, досвед камунікацыі, узаемадзеяння і каманднай распрацоўкі ідэй і праектаў для развіцця грамадскіх прастораў. Галоўнай рамкай праграмы стане канцэпцыя «зялёны горад».
Праграма ўключае ў сябе лекцыі, семінары-абмеркаванні, групавую даследчую практыку пад кіраўніцтвам т'ютараў, а таксама распрацоўку праектаў развіцця грамадскіх прастораў. Вынікі даследванняў і створаныя на іх падставе праекты будуць прэзентаваны па сканчэнні праграмы на публічным мерапрыемстве.
У межах праграмы ўдзельнікі будуць вывучаць наступныя тэмы:− Горад як аб’ект мыслення і дзейнасці. Спосабы і накірункі працы ў сучаснай урбаністыцы.− Грамадскія прасторы як сістэмны элемент гарадскога жыцця і развіцця.− Зялёны горад: канцэпцыя, ідэялогія, практыка.− Права на горад і яго реалізацыя праз грамадскія прасторы.− Гарадскія супольнасці і сацыяльныя стасункі. Іх праявы ў грамадскіх гарадскіх прасторах.− Ідэнтычнасць, сімвалічны і культурны кантэкст развіцця горада і гараджан.− Эканоміка і інвестыцыі. Сучасныя мадэлі арганізацыі грамадскіх прастораў і публічных пляцовак.− Планаванне і праектаванне развіцця гарадоў і гарадскіх прастораў.− Экалагічныя праблемы і рамкі існавання грамадскіх прастораў.
Асобная ўвага будзе надавацца засваенню метадаў і падыходаў да арганізацыі мыслення і дзейнасці:− Сістэмны падыход і магчымасці аналіза горада.− Арганізацыя даследаванняў, праца з дадзенымі і інтэрпрэтацыя вынікаў.− Основы праектавання і праграмавання дзейнасці.
Праграма адбудзецца з 24 лютага па 25 чэрвеня і прадугледжвае 7 сессій, кожная з якіх будзе доўжыцца 3 дні (прысутнасць на ўсіх сессіях абавязковая, падрабязная праграмма тут).
У якасці лектараў і экспертаў у школе прымуць удзел беларускія і замежныя спецыялісты ў розных галінах: Уладзімір Мацкевіч, Марыя Фалаліева, Іскра Крстіч, Іван Сухій, Андрэй Каравянскі, Ганна Пазняк, Ігар Цішчанка, Марына Семенчанка,  Іван Краўцоў, Аляксей Крывалап, Андрэй Ягораў, Зміцер Гаўрусік, Таццяна Вадалажская, Іван Шчадранок, Маргарыта Лазарэнка і інш.
Да ўдзелу ў школе запрашаюцца даследчыкі, актывісты, сацыёлагі ды культуролагі, якія маюць досвед працы ў экалагічным і/альбо ўрбаністычным руху, і зацікаўлены ў развіцці грамадскіх прастораў і сваёй практыкі на падставе сістэмных ведаў.
Для паступлення ў школу неабходна ўважліва азнаёміцца з праграмай школы (удзел патрабуе абавязковай прысутнасці на 7 трохдзённых сесіях) і запоўніць заяўку  ў тэрмін да 12 лютага. Вынікі адбору будуць вядомы не пазней за 17 лютага.Заняткі школы пачнуцца  24 лютага і будуць праходзіць у Мінску.
Па ўсіх пытаннях, звязаных з правядзеннем школы, звяртайцеся на адрас электроннай пошты: flyuniby@gmail.com з пазнакай «Школа Горад».