Шрайбман: Сістэма робіць з малаважнага эпізоду міжнародны скандал

Палітолаг пракаментаваў здарэнне з Крысцінай Ціманоўскай на Алімпіядзе.

1556706816_artyom_shraibman.jpg

Кейс з атлеткай Ціманоўскай — наглядная ілюстрацыя, як бюракратычная сістэма, якая ўвесь год пазбаўлялася ад звычкі самакантролю, унутраных стрымак і рэшткаў памяркоўнасці да крытыкі, робіць з абсалютна малаважнага эпізоду міжнародны скандал.
Замежныя журналісты часта пытаюцца, ну навошта было нарывацца на сектаральныя санкцыі дзеля арышту Пратасевіча або навошта было маляваць менавіта 80% год таму?
А няма чаго, сістэма не так працуе, яна не прымае рашэнні, узважваючы ўсе рызыкі. Стымулы наладжаны інакш — гасіць любой цаной тое, што можа выклікаць гнеў Першага, а калі гнеў выкліканы гасіць з падвоенай сілай.
Добра ўпэўнены, што усё развівалася па такой схеме. Ціманоўская публікуе відэа з крытыкай спартыўных бюракратаў, якія аблажаліся з допінг-спробамі іншых спартсменак, і прымушаюць яе бегчы замест іх. Відэа падхопліваюць ТГ-каналы.
Тэлевізар працуе ў рэжыме мачыць усё, што падхопліваюць ТГ-каналы, у выніку Ціманоўская — антыгерой усіх выпускаў навінаў дзяржТВ. Лукашэнка глядзіць тэлевізар і абураецца — мы ж далі ёй усё, трэніравалі за наш кошт, а яна піярыцца і посціць гэта. Лукашэнка тэлефануе і патрабуе зняць Ціманоўскую з гульняў і першым жа рэйсам адправіць у краіну.
Спартыўныя чыноўнікі імчацца выконваць указанне, але інфармацыя выцякае. Яны выдумляюць версію пра агляд лекара і нестабільны эмацыйны стан бягухі. Яна абвяргае, што лекары яе нават аглядалі. Сусветныя СМІ падхопліваюць і робяць з гісторыі скандал, які цалкам можа стаць для Беларусі вылетам з МАК або іншымі спартыўнымі санкцыямі.
Гатовы паспрачацца, калі так адбудзецца, наступная стадыя - размовы пра нарыхтаваную правакацыю і набытую загадзя Ціманоўскую. Зноў жа, падазронае прозвішча. І ўсё гэта як частка гібрыднай вайны пасля таго, як бліцкрыг не атрымаўся. А ўсё, каб Польшчы адышла Гродзенская вобласць. Або зараз Японіі — Гомельская?
Але калі сур'ёзна, гэта гісторыя не толькі пра механізмы працы нашай дзяржавы, але і пра рэпутацыю. Калі б спартыўныя чыноўнікі любой іншай краіны, акрамя Беларусі і, напэўна, КНДР, вырашылі давезці да аэрапорта спартсмена, знятага з гульняў за рознагалоссі са сваім начальствам, ніхто б нават не звярнуў увагі. А ў нашым выпадку ўсім нават у далёкай Японіі ясна, што можа пагражаць Ціманоўскай ў краіне-донару еўрапейскай бяспекі.