Што будзе, калі спыняцца мірныя пратэсты, а Лукашэнка застанецца?

Ганна Севярынец спрабуе адказаць тым людзям, якія кажуць, што іх "задзяўблі мірныя пратэсты па нядзелях, па горадзе не праехаць, у кафэ не схадзіць, дайце людзям жыць і адпачываць", на сваёй старонцы ў фэйсбук.

Фота з фб Ганны Севярынец

Фота з фб Ганны Севярынец


"Як толькі па нядзелях спыняцца мірныя пратэсты, адразу ж настане такі час:
— З бальніц і паліклінік звольняць самых сумленных і самых таленавітых дактароў, якія ўмеюць лячыць, бо гэтыя дактары выходзяць на пратэсты. Застануцца толькі тыя, хто раве на хворых, фальсіфікуе статыстыку па кавідзе, цягне час у прыёмных пакоях і адмаўляецца лячыць старых, бо ім і так паміраць. Хто будзе лячыць вас, вашых дзяцей і вашых старых, застаецца пад пытаннем.
— Са школ выганяць тых настаўнікаў, якія насуперак усяму працягваюць вучыць дзяцей па-сапраўднаму, а застануцца тыя, хто ставіць "двойкі" за паводзіны, дакалупваецца да дрэскоду, крычыць на дзяцей і ўсе дысцыплінарныя пытанні вырашае пастаноўкай у СОП. Як будуць вучыцца вашыя дзеці і ўнукі - не ведаю.
— Закрыюцца кафэ і рэстараны, бо кагосьці пасадзяць, а большасць проста з'едзе. Застануцца крамы "Родны кут", райпошныя забегалаўкі, ну, і пара-тройка піццэрый, канешне. От туды і будзеце хадзіць.
— Ратавальнікі АСВОДу, перш чым кагосьці ратаваць, будуць чакаць дазволу ад міліцыі, бо тыя, хто гатовы проста ратаваць, будуць сядзець.
— Па тэлебачанні вы будзеце слухаць толькі пра "глыбінную дзяржаву, надоі і дажынкі, канцэрты Саладухі і сясцёр Груздзевых.
— Розныя зручныя сэрвісы і рэсурсы інтэрнэту скончацца самі сабой, бо таленавітыя айцішнікі з'едуць за мяжу, а застануцца тыя толькі, каго з сабой не возьмуць.
У тэатры вы таксама асабліва не паходзіце, бо частка закрыецца, а што застанецца — будзе вам паказваць толькі тое, што ўзгадніць выканкам.
— Кожнага з вас змогуць забраць проста за тое, што вы (вашы дзеці, браты, бацькі) ў нядзелю выйдзеце жыць сваім жыццём і сядзець у кавярнях, бо рэжым будзе баяцца ўсіх, хто збіраецца болей за аднаго і не будзе нават асабліва пытацца, хто вы і за каго галасавалі. Ён і цяпер не пытаецца.
— А як стануць вас забіраць, то не будзе ўжо ані сумленных адвакатаў, ані валанцёраў, бо адны будуць сядзець, а другія з'едуць.
— І без моладзі застанецеся, бо ўсе ламануцца ў Польшчу і Літву. Гэта хто не будзе сядзець.
То я вам прапаную трохі моўчкі пацярпець. Бо ўсе, хто рабіў вашае жыццё цікавым, утульным і бяспечным, цяпер па нядзелях ходзяць па праспекце. А ў астатнія дні, між іншым, працягвае рабіць вашае жыццё цікавым, утульным і бяспечным. Лечыць, вучыць, корміць, поіць і забяспечвае сеціўным дабрабытам".

img_2160_2_logo.jpg