Што зараз адбываецца з краўдфандынгавымі пляцоўкамі Ulej.by і Molamola

Летам 2020 года, пасля арышту заснавальніка пляцовак Эдуарда Бабарыкі і яго бацькі Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанка» і кандыдата на пост прэзідэнта («Белгазпрамбанк» быў партнёрам абедзвюх пляцовак. — Рэд.), Ulej.by і Molamola спынілі сваю дзейнасць. Партал TUT.BY расказвае, што там адбываецца цяпер.

Лагатып Ulej.by / citydog.by

Лагатып Ulej.by / citydog.by


Краўдфандынгавыя пляцоўкі Ulej.by і Molamola далі жыццё многім цікавым і важным праектам у мастацтве, літаратуры і сацыяльнай сферы. Кожны ахвочы мог дапамагчы таму ці іншаму чалавеку ажыццявіць яго мару: выдаць кнігу ці пабудаваць прытулак для бяздомных жывёл. Да чэрвеня 2020-га года, калі стала набіраць абароты прэзідэнцкая кампанія і пачаліся першыя палітычныя затрыманні, абедзве пляцоўкі паспяхова функцыянавалі. Пасля затрымання Віктара і Эдуарда Бабарыкаў і арышту рахункаў «Белгазпрамбанку», праз які акумуляваліся сродкі на краўдфандынг, дзейнасць пляцовак спынілася. Пасля выкліку ў КДБ кіраўніца Ulej.by Аліна Лісаковіч з'ехала за мяжу. 14 незавершаных праектаў «Улея» засталіся замарожанымі.
Як паведамляе TUT.BY, у канцы мінулага года восем з іх урэшце атрымалі сабраныя сродкі.
З моманту майго допыту і ад'езду нічога па дзейнасці «Хайв Проджэкт» не змянілася. Некаторыя плацяжы мы па-ранейшаму не можам правесці. Але ёсць адзін поспех: пасля блакавання рахункаў «Хайв Проджэкт» завіслі 14 паспяховых праектаў з агульнай сабранай сумай крыху больш за 90 тысяч рублёў. На працягу пяці месяцаў па іх не давалі дазволу ні «Белгазпрамбанк», ні праваахоўныя органы. Доўгі час грошы былі недаступныя і не было зразумела, вернуць іх ці не. І ў канцы 2020 года па рашэнні КДБ аўтарам васьмі праектаў былі пералічаныя сабраныя сродкі, — гаворыць Аліна Лісаковіч.
Сярод «шчасліўцаў», якім грошы ўсё-ткі пералічылі, былі такія праекты, як падтрымка футбольнага клуба «Іслач» і аўталаўка для адзінокіх пажылых людзей #STAYHOME. Менш пашанцавала аўтарам і выдаўцам кніг — у тым ліку і дзіцячай літаратуры: іх праекты ўсё яшчэ замарожаныя.
Кіраўніца «Улея» кажа, што незразумела, паводле якіх крытэраў рабілася гэтая выбарка.
Нагадаем, што Эдуард і Віктар Бабарыкі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітычнымі вязнямі.