Штраф за экстрэмісцкі надпіс, які выпадкова патрапіў у кадр

Актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Андрэя Войніча асудзілі за экстрэмісцкі надпіс, які выпадкова патрапіў у кадр яго відэа.

Андрэй Войніч. Фота з facebook

Андрэй Войніч. Фота з facebook


29 красавіка 2019 года Андрэй Войніч размясціў на сваім youtube-канале ролік, дзе размаўляе з актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Алесем Круткіным ў пад'ездзе жылога дома. У кадр патрапіў надпіс, зроблены на сцяне лесвічнага пралёта — абрэвіятура, прызнаная рашэннем суда Цэнтральнага раёна г.Мінска ад 2018/12/14 экстрэмісцкай і уключаная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
24 студзеня 2020 года яна была знойдзена супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, а 21 лютага суддзя суда Маскоўскага раёна г. Мінска Таццяна Мотыль вынесла пастанову, згодна з якой Войніч атрымаў штраф у 50 базавых велічынь (1350 руб.) па ч.2 ст.17.11 КаАП ( распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Сам актывіст не лічыць, што размешчаны відэа-ролік можа з'яўляцца распаўсюджваннем экстрэмісцкай інфармацыі. З дапамогай грамадскай прыёмнай ПЦ "Вясна" ён напісаў скаргу ў Мінскі гарадскі суд, дзе просіць адмяніць пастанову суда Маскоўскага раёна г.Мінска і накіраваць справу на новы разгляд:
"Мяркую, што судом Маскоўскага раёна г.Мінска пры прыцягненні мяне да адміністрацыйнай адказнасці суддзёй Т.Я. Мотыль не было выраблена ацэнкі таго, на якія грамадскія адносіны, якія рэгулююцца Законам "Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму", замахваецца размешчанай мной відэаролік. Больш за тое, судом не была праведзеная ацэнка на прадмет правамернасці абмежавання права на распаўсюд дадзенага відэароліка", — указаў Адрэй Войніч ў тэксце скаргі.
Андрэй Войніч адзначыў, што экстрэмісцкі надпіс вісеў ў пад'ездзе 10 гадоў "і вісіць да гэтага часу. Яе бачылі дзясяткі супрацоўнікаў міліцыі і нічога не рабілі. І ЖЭС таксама не хвалюе той факт, што ў іх экстрэмізм ёсць у пад'ездзе".
"Тое, што ролік быў знойдзены супрацоўнікамі органаў унутраных спраў амаль праз год пасля таго, як быў размешчаны, кажа пра тое, што яны шукалі спецыяльна, да чаго можна прычапіцца", — адзначыў актывіст.
Войніч лічыць, што яго пераслед выкліканы тым, што ён з'яўляецца актывістам «Еўрапейскай Беларусі».
"Аднак гэта пераслед, які матываваны фактычна бяссіллем.— дадаў Андрэй Войніч. — Гэта значыць, яны не могуць нічога зрабіць з тым, што людзі падымаюцца і пратэстуюць, таму яны робяць такія маленькія гадасці".
Сітуацыю пракаментаваў праваабаронца ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч:
"На маю думку, па-першае, тут няма ніякага дачынення да экстрэмізму, а па-другое, лічу, што гэта пераслед блогераў за іх блогерскую дзейнасць”.
Праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на практыку прымянення заканадаўства Рэспублікі Беларусь Аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Больш падрабязна пра гэта можна даведацца тут.