Шуневіч: 270 тысяч долараў з будынка ГУБАЗіК скраў міліцыянт
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у інтэрв'ю парталу TUT.BY расказаў, што 270 тысяч долараў з будынка Галоўнага упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй скраў супрацоўнік міліцыі.
![Фота БелТА Фота БелТА](/img/v1/images/e6a8237f7b9ce4789f786a3b1401e05c.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота БелТА
"Ідзе следства. Расследаваннем займаецца Следчы камітэт. Дачакаемся высноў следства. Гэтыя грошы былі канфіскаваныя падчас вобшуку ў аднаго з падазраваных... Я магу толькі адно сказаць: у сям'і не без вырадка, гэта ганьба яму і яго сям'і", ― сказаў міністр.
Аб крадзяжы стала вядома пасля таго, як Шаўчэнкаўскі суд Кіева апублікаваў інфармацыю пра запыт беларускага боку. Там гаварылася, што Беларусь падала ў вышук свайго грамадзяніна, які 8 студзеня 2017 года вынес з будынка ГУБАЗіК у Мінску 269150 долараў, пасля чаго з'ехаў спачатку ва Украіну, а затым у Румынію.
Следчы камітэт пакуль ніяк не каментуе гэтую справу. Як паведамляла “Еўрарадыё”, гэтыя грошы маглі быць канфіскаваныя падчас вобшуку ў офісе нелегальнага візавага цэнтра, які супрацоўнікі ГУБАЗіК праводзілі літаральна за тыдзень да гэтага.