Шуневіч заявіў пра інфармацыйную вайну супраць МУС з мэтай «змены сацыяльнага ладу»

Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч распавёў пра «неаслабны інфармацыйны накат» на міліцыю, колькасьць міліцыянтаў у краіне і «рэлігію МУС».

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч (у цэнтры)

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч (у цэнтры)


«Прычына (інфармацыйнай вайны супраць міліцыі) у тым, што сёньня МУС — гарант міру і спакою ў краіне. Разумеючы гэта і спадзеючыся на пэўны плён дыскрэдытацыі праваахоўных органаў, некаторыя апаненты ўлады абгрунтавана лічаць, што, паслабіўшы гэтую структуру, зганьбіўшы яе ў вачах людзей, яны змогуць рэалізаваць свае планы наконт змены сацыяльнага ладу і палітыкі нашай дзяржавы», — заявіў Ігар Шуневіч у інтэрвію газэце «СБ-Беларусь сегодня».
Па словах Шуневіча, сёння міліцыю спрабуюць штучна супрацьпаставіць грамадству:
«Падобны ціск з боку рознага кшталту пісак і гарлапанаў адчуваюць цяпер і іншыя прававыя дзяржаўныя інстытуты. Гэта маё цвёрдае перакананне, і яно сфармаванае не на пустым месцы: я вельмі добра ведаю, хто піша, дзе гэтаму навучыўся, чыімі грашыма гэта аплочваецца. І я цудоўна ведаю, якія мэты пераследуюць працадаўцы гэтых людзей. Кожнаму такому «рэвалюцыянэру» я хацеў бы нагадаць, як любая рэвалюцыя ставіцца да сваіх дзяцей — яна іх проста пажырае з часам».
Пры гэтым Шуневіч прызнаў, што «статыстыка злачынстваў, учыненых супрацоўнікамі органаў унутраных справаў, пакуль сурʼёзна турбуе ўсё кіраўніцтва МУС». Але, паводле яго, сёння «рэлігія МУС — навядзенне парадку ва ўласных шэрагах».
Шуневіч паведаміў, што сёння на 100 тысяч насельніцтва прыпадае 405 супрацоўнікаў МУС.
Кіраўнік МУС у інтэрвію таксама выказаўся наконт інцыдэнту ў навагоднюю ноч, калі ў доме на вуліцы Любімава ў Менску міліцыянт з пісталету цяжка параніў мінчука.
«Паводле ацэнкі МУС (падкрэсліваю, не Следчага камітэту, які вядзе расследаванне), у дзеяннях супрацоўніка не бачыцца парушэнняў заканадаўства, нашых інструкцыяў і мэтодык... Тут я стаўлю шматкропʼе і дадаю: грубых парушэньняў. Якія маглі б легчы ў аснову прыцягнення яго да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці. Разам з тым у асабістай гутарцы з гэтым супрацоўнікам я параіў яму факультатыўна, за кошт асабістага часу надаць увагу свайму фізычнаму разьвіццю і псыхалягічнай гатоўнасці да экстраных сытуацыяў», — распавёў Шуневіч.
Шуневіч яшчэ раз пракаментаваў сваё з'яўленьне на парадзе 9 траўня 2015 году ў форме супрацоўніка НКВД. Паводле міністра, ён апранае гэтую форму «кожны год 9 траўня», каб выказаць павагу да супрацоўнікаў міліцыі, якія загінулі падчас вайны і пасля яе. Шуневіч сказаў, што форму камісара НКВД ён пашыў сабе «паводле ўнутранага пераканання і за ўласны кошт».
Паводле svaboda.org