«Трайпл» не будзе аднаўляць дом Максіма Багдановіча
Месца, дзе некалі стаяў дом Максіма Багдановіча, пазначылі памятным знакам. Замест адноўленага гістарычнага будынку — тэхналагічная пабудова для забеспячэння пажарнага выхаду з падземнай стаянкі 23-павярховага гмаху.
Мемарыяльны знак на месцы дому, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч
А пачыналася ўсё вельмі аптымістычна. Згодна з урадавай пастановай «Аб мерапрыемствах, прысвечаных 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча», да снежня 2011 года меркавалася аднавіць дом, дзе нарадзіўся паэт. Адказнымі за гэтую справу былі прызначаны Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам і ТАА «Трайпл».
ТАА «Трайпл» якраз у квартале над Свіслаччу, дзе на вуліцы Аляксандраўскай стаяў гістарычны будынак, і распачало будаўніцтва 23-павярховага гмаху «Ля Траецкага».
Пасля прыняцця ўрадавай пастановы ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча зачасцілі госці. Сярод іх былі прадстаўнікі ТАА «Трайпл» і археолагі з Інстытуту гісторыі НАН.
Супрацоўнікі музею распавялі, што на фундаменце гістарычнага двухпавярховага флігелю (першы паверх — цагляны, другі — драўляны, дом згарэў падчас Другой сусветнай вайны), які знаходзіцца па вуліцы Максіма Багдановіча, быў пабудаваны аднапавярховы будынак. У ім спачатку размяшчаўся пункт прыёму шклатары, а затым офіс фірмы па гандлю мэбляй.
Праект аднаўлення дому, пабудаванага ў другой палове ХІХ стагоддзя ў стылі традыцыйнай гарадской забудовы, быў распрацаваны яшчэ да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, якое адзначалася ў 1991 годзе. Аўтары праекта ўлічылі, што ў канцы XIX стагоддзя на першым паверсе будынка размяшчалася Першае мінскае прыходскае вучылішча, а на другім — кватэры выкладчыкаў гэтай навучальнай установы.
Вось чаму на першым паверсе дома супрацоўнікі музея Багдановіча планавалі адкрыць школу ці цэнтр дзіцячай творчасці, а на другім — аднавіць кватэру настаўніка і атмасферу жыцця мінскай інтэлігенцыі канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Экспазіцыя другога паверху павінна была ўключаць рэчавыя, пісьмовыя і выяўленчыя матэрыялы эпохі, у тым ліку фатаздымкі з архіва сям`і Багдановічаў, расповед пра бацькоў паэта, Марыю і Адама, а таксама аб іх таленавітых дзецях.
Але перад рэалізацыяй гэтага праекту, адноўленага, дарэчы, на грошы ТАА «Трайпл», ягоныя спецыялісты ў адпаведнасці з заканадаўствам па ахове спадчыны запатрабавалі правесці абавязковае археалагічнае даследаванне мясцовасці, дзе некалі стаяў дом. Пры гэтым ТАА «Трайпл» выказала намер быць заказчыкам на правядзенне раскопак.
Згодна з гістарычнай даведкай, дом нараджэння паэта прыкладнымі памерамі 23,4 х 10,6 х 7,1 метра знаходзіўся ў цэнтры двару на адлегласці каля 10–11 метраў ад унутранага фасаду сучаснага будынку №25 па вуліцы імя Багдановіча.
Дзеля пошуку рэшткаў фундаменту дому паэта археолагі збіраліся закласці і даследаваць крыжападобную траншэю памерамі 30 х 15 х 2 х 3 метры агульнай плошчай каля 90 кв.м, прапанавалі заказчыку прадставіць неабходную землярыйную тэхніку і землякопаў, а таксама паведамілі, што пачнуць працы «не раней вясны 2011 года, што тлумачыцца неабходнасцю адтайвання верхніх напластаванняў».
Аднак да раскопак археолагі так і не падступіліся. Для больш дакладнай лакалізацыі месца дома Багдановіча на тэрыторыі, дзе засталіся фрагменты фундаментаў шэрагу іншых аб’ектаў гарадской забудовы канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, кіраўніцтву ТАА «Трайпл» і Міністэрству культуры было прапанавана правесці адпаведнае гісторыка-архіўнае даследаванне, якое так і не было зроблена з невядомых прычын. Пры гэтым, археолагі падкрэсліваюць неабходнасць такога даследавання ў сувязі з немажлівасцю правядзення маштабных раскопак у двары па Багдановіча, №25 і пагрозай частковага перакрыцця тэрыторыі наземных аўтастаянак мясцовых жыхароў, знерваваных будоўляй гмаху «Ля Траецкага» і перспектывай перасялення ў мікрараёны на ўскрайку сталіцы з-за таго, што стан іхняга дому быў прызнаны аварыйным.
Гэткімі ж прычынамі былі абумоўлены і вынікі грамадскага абмеркавання, праведзенага адміністрацыяй Цэнтральнага раёну сталіцы сярод жыхароў дамоў №№ 23, 25 і 27 па вуліцы імя Багдановіча наконт мажлівага ўшчыльнення забудовы двара з-за планаванага аднаўлення дому паэта. Ягоныя сённяшнія землякі выступілі супраць, бо ім і так ўжо, маўляў, няма дзе дыхаць… У гэтай сітуацыі і раённыя ўлады выступілі супраць рэалізацыі праекту аднаўлення дому Багдановіча.
Тым часам шматпавярховік «Ля Траецкага» быў узведзены, а на меркаваным месцы, дзе павінен быў паўстаць адноўлены гістарычны будынак, узнікла тэхналагічная пабудова для забеспячэння пажарнага выхаду з падземнай стаянкі на 300 аўто для жыхароў гмаху. Такім чынам, звузілася рэальная мажліваць аднаўлення дому Багдановіча. Разам з тым, з ініцыятывы ГА «Беларускі камітэт Міжнароднай рады па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцінаў (ICOMOS)» (старшыня Уладзімір Гілеп) месца, дзе стаяў гістарычны будынак, на грошы «Трайплу» было пазначана памятным знакам (галоўны архітэктар праекту Нэлі Дарашкевіч).
На маё меркаванне, халодная бяздушнасць гэтага знаку, які знаходзіцца побач са сметнікам, прыніжае як самога паэта, так і ўсіх беларусаў. Казённы выгляд гэтай мемарыяльнай кампазіцыі нават не могуць сагрэць словы Максіма Багдановіча з апавядання «Апокрыф» (1913), прапанаваныя музеем паэта і прадубляваныя на знаку па-англійску, па-руску, па-польску і па-ўкраінску: «Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?»
На жаль, шэраг знаных прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі сталіцы, у тым ліку заслужаныя і народныя мастакі, якія ў кулуарах абураліся вобразам памятнага знаку і яго ўвасабленнем, так і не наважыліся адкрыта выкаць сваю пазіцыю і абараніць памяць славутага паэта.
«Цяжка прыдумаць большай безгустоўнасці і большай недарэчнасці пры ўшанаванні месца, дзе стаяў дом, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч. Вельмі скрушна і крыўдна, бо ўзвядзенне мемарыяльнага знаку можна было выкарыстаць, каб пакінуць пасля сябе добры след для нашых нашчадкаў пра тое, як беларусы на пачатку XXI стагоддзя бераглі і шанавалі памяць пра Максіма Багдановіча. Аднак спадзяюся, што гэты знак доўга не прабудзе. Прыйдзе час, і на гэтым месцы паўстане светлая, зорная і ўзнёслая кампазіцыя, годная паэта», — кажа дырэктарка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяны Шэляговіч.
Яна не пакідае надзею на аднаўленне ў будучым дому, у якім нарадзіўся класік беларускай літаратуры. «Для гэтага будынка музей ужо даўно стварыў навуковую базу будучай выставы і склаў яе тэматыка-экспазіцыйны план, закупленыя і адрэстаўраваныя экспанаты, менавіта для гэтай выставы захоўваюцца мемарыяльныя рэчы. Таму жывем марай, што гэты дом з новай музейнай экспазіцыяй калі-небудзь паўстане, — адзначыла Шэляговіч.
Паводле яе слоў, існуе варыянт аднаўлення часткі гістарычнага будынку нават над тэхналагічным збудаваннем падземнай аўтастаянкі. Пры сучасных тэхналогіях і магчымасцях архітэктараў па арганізацыі прасторы не цяжка ўзнавіць кватэру настаўніка Адама Ягоравіча Багдановіча і аднавіць інтэр'еры яе пакояў, сказала дырэктарка музея. Пры такім падыходзе, на яе меркаванне, у сталіцы Беларусі з’явіцца яшчэ адна цудоўная знакавая мясціна, прысвечаная Максіму Багдановічу, і ўшанаванне яго памяці будзе зроблена належным чынам.