Таццяна Шчытцова: "Хлопчык Коля" — гэта сімвал палітычнага прысваення будучыні

Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” папрасіла спадарыню Таццяну расказаць, ці ёсць у яе ўяўленне таго, якой можа быць наша краіна з цягам часу.



xw_1143903.jpg

Фота Global Look Press

Што рабіць, калі будучыня акупаваная?

Працаваць з сучаснасцю, пераканана прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, доктар філасофскіх навук Таццяна Шчытцова.

— У мяне няма адназначнага адказу на гэтае пытанне. Мне здаецца, сама яго пастаноўка патрабуе нейкага тлумачэння, канкрэтызацыі. У цэлым, матывацыя падобнага вокліча, вядома, зразумелая: у краіне палітычная стагнацыя, поўная нявызначанасць у дачыненні да перспектыў сацыяльна-эканамічнага развіцця і г.д. У гэтай сітуацыі (якую адцяняе ўнутраны крызіс ва ўсіх ключавых галінах нашага жыцця — эканоміцы, адукацыі, медыцыне, культуры і інш.) узнікненне пытанняў у духу "Што з намі будзе?" непазбежна. Але якая размова пра будучыню наогул дарэчная, мэтазгодная ў нашай сітуацыі?

Маляваць "вобраз(ы) будучыні" — гэта справа фантазіі, для якой прыдумалі нават асобную "спецыялізацыю" — футуралогію. Не думаю, што спекуляванне пра будучыню Беларусі ў гэтым рэчышчы, як кажуць, "адпавядае моманту". Даць волю фантазіі могуць, вядома, пісьменнікі. Хоць бы таму, што літаратура, у прынцыпе, з'яўляецца для ўяўлення "запаветнай зямлёй". Але нават тут, як мне здаецца, наша сітуацыя фармуе зусім канкрэтны запыт — сапраўды, запатрабаванымі аказваюцца сацыяльныя фантасмагорыі ў жанры (або з элементамі) антыўтопіі (найбольш яскравыя з нядаўніх прыкладаў — "Дзеці Аліндаркі" Альгерда Бахарэвіча і "Мова" Віктара Марціновіча).

Варта адзначыць і тое, што для класічнага мадэрна праектаванне "светлай будучыні" было парадыгматычным актам, пра які былыя грамадзяне СССР ведаюць з уласнага гістарычнага досведу "будаўніцтва камунізму". Вядома, што менавіта сацыяльная тэлеалогія мадэрна (пастаноўка нейкай ідэальнай мэты як рэальна дасягальнай у ходзе сацыяльнага прагрэсу) была ў першую чаргу падвергнутая сістэматычнай дэканструкцыі ў сучаснай думцы (узгадаем хоць бы "Дыялектыку Асветы" франкфуртцаў).

Я прыводжу ўсе гэтыя прыклады для таго, каб паказаць, што пытанне аб тым, як казаць пра будучыню сёння, не з'яўляецца надуманым. Больш за тое, яго праблематычнасць мае, так бы мовіць, розную формулу і розны пафас у залежнасці ад таго, у дачыненні да якога сацыяльнага поля мы яго задаем — у дачыненні да грамадства позняга мадэрну наогул ці ў дачыненні да сучаснага беларускага грамадства in concreto.

Сёння ў Беларусі ёсць дзве групы людзей, якія пастаянна звяртаюцца да тэмы будучыні з больш ці менш абгрунтаванымі прагматычнымі мэтамі: гэта палітыкі, што стаяць пры ўладзе, якія па абавязку службы адказваюць за стратэгічнае планаванне, і палітолагі, прафесійная дзейнасць якіх прадугледжвае выбудоўванне палітычных прагнозаў.

scytcova123.jpg

 Фота fly-uni.org

Цікава, што адказ на пытанне аб тым, чаму ж стратэгічнае планаванне хранічна буксуе ў нашай краіне, можа быць дадзены і з пункту гледжання таго, які рэжым стаўлення да будучыні з'яўляецца рамкай няхай нават для самых патрыятычных памкненняў цяперашніх стратэгаў. Тут дастаткова спаслацца на адзін з ключавых медыйных вобразаў, які рэпрэзентуе сучасную ўладу, — "хлопчыка Колю", суправаджальніка прэзідэнта ў яго службовых візітах і пры выкананні ім сваіх функцый. Я выкарыстоўваю двукоссі, каб падкрэсліць, што я маю на ўвазе не рэальнае дзіця, у дачыненні да якога адбылося тое, што ў сучасных сацыяльных даследаваннях называецца "каланізацыяй дзяцінства", а палітычны сімвал, які паведамляе нам, што будучыня ўжо прысвоена. "Хлопчык Коля", структурна ўключаны ва ўсе значныя публічныя самапрад’яўленні "рэжыму Лукашэнкі" — гэта, у першую чаргу, сімвал палітычнага прысваення будучыні. Гэтая стратэгія пазбаўляе будучыню галоўнай маральнай функцыі — наша стаўленне да яе перастае генераваць надзею. Мы маем справу з рэжымам, які блакуе будучыню як гарызонт (магчымасць) абнаўлення. У гэтым сэнсе рэжым Лукашэнкі можна вызначыць як палітычную акупацыю будучыні. Менавіта яна дэмаралізуе (вядзе да карупцыйных схемаў) і падрывае магчымасць калектыўнай мабілізацыі для сумеснага канструявання будучыні. У гэтай сітуацыі любое стратэгічнае планаванне асуджана альбо на прафанацыю, альбо на сістэмны правал.

Сказанае тлумачыць і мой скепсіс у дачыненні да распрацоўкі рознага кшталту альтэрнатыўных праектаў і праграм сацыяльнага развіцця. Усе яны маюць сэнс, толькі калі ёсць рэальны палітычны рэсурс для іх рэалізацыі. У адваротным выпадку, усё гэта — пустое wishful thinking (прыняцце жаданага за сапраўднае — “ЕўраБеларусь”). У сувязі з гэтым паказальна, што на ўзроўні штодзённага здаровага сэнсу пераважае мінімалісцкі вобраз будучыні. "Іншая Беларусь" уяўляе сабой пераважна негатыўную праекцыю: "не так, як цяпер". Змест гэтаму першапачаткова чыста негатыўнаму азначэнню надае канкрэтны палітычны выбар грамадзян у плане базавых арыенціраў (для людзей майго кола і многіх іншых інтэлектуальных і прафесійных асяроддзяў такімі арыенцірамі з'яўляюцца, напрыклад, ліберальна-дэмакратычная краіна, развітая грамадзянская супольнасць, падтрымка нацыянальнай мовы і культуры і інш.).

Мінімалісцкі вобраз будучыні Беларусі не азначае бяздзеяння. Калі будучыня акупавана, трэба працаваць з сучаснасцю — памнажаць месцы і падзеі, дзе "іншая Беларусь" спраўджваецца "тут і цяпер". Мне здаецца, што ў нашых умовах пара ўводзіць ва ўжытак паняцце палітычнай экалогіі, таму што гаворка ідзе пра памнажэнне хранатопаў, у якіх можна свабодна дыхаць.