Таццяна Севярынец: Працэс над палітвязнямі — не менш як на 2 тыдні

Маці беларускага палітыка, сустаршыні БХД Паўла Севярынца, не ўдалося ўбачыць сына перад закрытым судовым працэсам, які распачаўся ў Магілёўскім абласным судзе 12 траўня. Пра гэта яна распавяла «Радыё Рацыя».

2021_05_13_lipka_seviaryniec_pra_sud_f1.jpg

Сустрэцца Таццяне Севярынец удалося хіба са старшынёй абласнога суда Ігарам Прашко, які заявіў, што рашэнне пра разгляд крымінальных справаў у закрытым рэжыме прымала суддзя Ірына Ланчава. Ён параіў сваякам палітвязняў “набрацца цярпення”, кажа Таццяна Севярынец:

— Я яму сказала: “Мой сын нічога не парушаў! Вы самі ведаеце, хто парушыў, і хто павінны знаходзіцца ў гэтай зале!” Ён моўчкі з апушчанымі вачыма мяне выслухаў і кажа: “Трэба пацярпець. Да канца судовага працэсу. Мы будзем аператыўна, мы будзем імкнуцца як найхутчэй разабраць гэтую справу”. Паводле першай інфармацыі, недзе тыдні два будуць разглядаць.

Вядома, што 12 траўня, у першы дзень суда, удзельнікам працэсу зачытвалі сутнасць абвінавачвання. На лаве падсудных — сямёра палітвязняў, якіх вінавацяць за ўдзел або арганізацыю масавых беспарадкаў: Павел Севярынец, Яўген Афнагель, Павел Юхневіч, Максім Вінярскі, Андрэй Войніч, Зміцер Казлоў і Ірына Шчасная.

Ні сваякам падсудных, ні сябрам, якія прыйшлі іх падтрымаць, міліцыя не дазволіла нават стаяць каля судовага будынка. Адагнаўшы людзей ад суда, міліцыянты і амапаўцы ў першы дзень судовага працэсу зладзілі аблаву ў бліжэйшых дварах, былі затрыманыя журналісты Аляксандр Буракоў, Уладзімір Лапцэвіч і магілёўскі каардынатар БХД Алег Аксёнаў. Іх вінавацяць у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.