Таісія Кабанчук: Калі не было бы вайны, то мой сын знайшоў бы сябе ў іншым статусе

Маці намесніка камандзіра палка Каліноўскага распавяла, што вельмі непакоіцца за сына, і кажа, што ўсё гэта вельмі трывожна для яе.

Таісія Кабанчук. Фота з фэйсбука

Таісія Кабанчук. Фота з фэйсбука

Вадзім Кабанчук мог бы цудоўна рэалізаваць сябе ў Беларусі, але не мог жыць у несвабодзе. Таму ў 2014 годзе стаў ваяваць за свабоду Украіны, распавяла Таісія Кабанчук журналістам «Радыё Р*цыя ».

Ва Украіне Вадзім сустрэў сваё каханне і цяпер зноў з жонкай-украінкай змагаецца супраць рускай акупацыі, каб потым дапамагчы Беларусі вызваліцца ад тыраніі лукашызму, — кажа маці намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука Таісія Кабанчук:

— Ганарыцца-то я ганаруся, зразумела. Але ж гэта вельмі трывожна для маці, і я не рада яго такой пасадзе, бо калі не было бы вайны, то мой сын знайшоў бы сябе ў іншым статусе. Ён вельмі разумны, адукаваны і прыстойны чалавек. Таму гэтая вайна – страшная сітуацыя. Але ён узяў на сябе смеласць, ён знайшоў у сабе мужнасць стварыць гэты полк, узначаліць яго. І ваяваць годна.

Вадзім Кабанчук быў актывістам у Беларусі: былы маладафронтавец, адзін з заснавальнікаў «Зубра», удзельнік спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край». Паводле яго маці, Таісіі Кабанчук, яе сын ваюе, каб назаўсёды пакончыць з дыктатурамі.