Таварыства аматараў беларускай гісторыі будзе падаваць на регістрацыю

Мінскае гарадское таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага будзе падаваць дакументы на дзяржаўную рэгістрацыю. Пра гэта вечарам 6 лютага ў Мінску на агульным сходзе сябраў таварыства паведаміў намеснік старшыні гэтага добраахвотнага, недзяржаўнага, непалітычнага і некамерцыйнага грамадскага аб’яднання прафесар Анатоль Тарас.



tabh_rehistracyja_2.jpg

Ён нагадаў, што таварыства было створана 12 студзеня 2013 года. За два гады працы ТАБГ выдала чатыры навуковых выпускі «Запісаў таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага». Прычым, у першы, прэзентаваны на арганізацыйным сходзе, увайшлі зварот да аматараў беларускай гісторыі, праект статута ТАБГ, а таксама артыкулы, прысвечаныя сівой даўніне Бацькаўшчыны, мінуламу вёсак, беларускай тапаніміцы і падзеям найноўшай гісторыі. Наступныя выпускі запісаў былі прысвечаныя гісторыі беларускай Смаленшчыны, 150-годдзю нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў і 500-годдзю бітвы пад Оршай.
На бягучы год запланаванае выданне яшчэ двух выпускаў навуковых запісаў ТАБГ. Як і раней, таварыства разам з грамадскім Інстытутам беларускай гісторыі і культуры, зарэгістраваным у Рызе (Латвія), будзе праводзіць навуковыя канферэнцыі па найбольш актуальных праблемах айчыннага мінулага.
Цягам часу меркавалася на базе ТАБГ стварыць рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне, аднак гэта пакуль немажліва, бо ў таварыстве няма сябраў з Віцебскай, Гомельскай. Гродзенскай і Магілёўскай абласцей.
ТАБГ аб’ядноўвае прафесійных гісторыкаў, краязнаўцаў, мастакоў, мастацтвазнаўцаў, артыстаў, дызайнераў, інжынераў, педагогаў, прадпрымальнікаў, літаратараў і журналістаў з сталіцы, Мінскай і Брэсцкай абласцей. Таварыства створана для аб’яднання высілкаў аматараў гісторыі і краязнаўцаў з мэтай даследавання і папулярызацыі славутага мінулага Бацькаўшчыны і выхавання ў грамадзянаў пачуцця патрыятызму. Таварыства праводзіць сустрэчы з краязнаўцамі і аматарамі гісторыі ў абласных і раённых цэнтрах Беларусі, мае свой інтэрнэт-сайт.
На 26 лютага таварыства запланавала чарговае ўшанаванне лаўрэата штогадовай прэміі ТАБГ імя Вацлава Ластоўскага.