Тэхніку канфіскавалі, але ўсе на волі. Праца Офіса па правах людзей з інваліднасцю «літаральна блакаваная»
21 студзеня Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю пачаў праверку ў дачыненні да службовых асоб праваабарончай арганізацыі «Офіс правоў людзей з інваліднасцю». У офісе і дома ў яе супрацоўнікаў прайшлі агляды. У выніку ў іх канфіскавалі тэхніку — кампутары і мабільныя тэлефоны. Праца праваабаронцаў на гэты момант «літаральна блакаваная», распавядае TUT.BY.
Па словах заснавальніка арганізацыі Сяргея Драздоўскага, 21 студзеня да іх у офіс прыйшлі сілавікі. Там прайшоў агляд, у выніку была канфіскаваная тэхніка.
— Абставіны такія, што я не магу дзяліцца падрабязнасцямі з прычыны пэўных умоў. Гэта фінансавая праверка. На дадзены момант наша тэхніка знаходзіцца на даглядзе.
Сілавікі прыйшлі дадому і да самога Сяргея Драздоўскага, а таксама да бухгалтара арганізацыі. Там таксама прайшлі агляды. Іх тэхніка канфіскаваная.
Пасля Сяргей Драздоўскі і юрыст офіса Алег Граблеўскі пабывалі ў ДФР Камітэта дзяржкантролю.
— У нас узялі тлумачэнні. Алега крыху раней адпусцілі, я прабыў там прыкладна да 18 гадзін. Пытанні тычыліся нашай фінансавай дзейнасці.
— Як праверка адаб'ецца на вашай працы?
— Мы цяпер літаральна блакаваныя, — кажа Сяргей Драздоўскі, — таму што знаходзімся без тэхнікі. Усе дакументы і матэрыялы, з якімі мы пастаянна працуем, былі там — у нашых ноўтбуках і тэлефонах. Зараз спрабуем зразумець, як зможам аднавіцца. Будзем спрабаваць. Калі ў офісе нешта захавалася ў папяровым варыянце, то зможам працягнуць працаваць. Калі не — то не. У нас былі распачатыя два даследаванні, якія адназначна затармозяцца. Дзве перспектыўныя працы таксама прыйдзецца паставіць на паўзу.
21 студзеня прэс-служба ДФР КДК паведаміла пра тое, што ў дачыненні да службовых асоб праваабарончай арганізацыі «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» праводзіцца праверка. У ведамстве заявілі, што яна звязана з пытаннямі «магчымага неправамернага завалодання у перыяд з 2020 года па цяперашні час грашовымі сродкамі, атрыманымі установай ў выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для мэтаў аказання дапамогі беларускім грамадзянам з інваліднасцю».
Офіс па правах людзей з інваліднасцю-праваабарончая арганізацыя. Установа аказвае прававую дапамогу, кансультаванне ў пытаннях правоў людзей з інваліднасцю і рэалізацыі гэтых правоў. Офіс займаецца асветніцкай дзейнасцю: праводзіць семінары і трэнінгі, круглыя сталы, выдае тэматычную літаратуру, а таксама дае экспертныя заключэнні ў пытаннях, звязаных з правамі людзей з інваліднасцю.
Паводле tut.by