«Тэрарыст-беларус» у Адэсе: сведка і не затрымліваўся

Грамадзянін Беларусі Шабалін мае ва Украіне працэсуальны статус сведкі і не затрымліваўся па падазрэнні ў дачыненні да тэрарэстычнай дзейнасці. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык.



odess.jpg

«Праведзеныя намі праверачныя мерапрыемствы пацвярджаюць факт прыналежнасці Шабаліна да беларускага грамадзянства. Адначасова атрыманая беларускім бокам афіцыйная інфармацыя ад МЗС Украіны паведамляе, што гэты грамадзянін, па-першае, не затрымліваўся, па-другое, мае працэсуальны статус сведкі», — падкрэсліў Дзмітрый Мірончык.

Ён таксама ўдакладніў, што ані ў беларускае знешнепалітычнае ведамства, ані ў амбасаду Беларусі Шабалін з хадайніцтвамі, просьбамі або заявамі не звяртаўся.

19 мая Служба бяспекі Украіны распаўсюдзіла інфармацыю аб прадухіленні тэракту ў Адэсе. Па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэракту ў Адэсе быў затрыманы грамадзянін Беларусі па прозвішчу Шабалін.

Паводле дадзеных СБУ, Шабалін — «актывіст радыкальнай прарасійскай структуры». Акрамя яго, затрыманыя тры супрацоўнікі прыватнай ахоўнай структуры, якія праводзілі «схаванае візуальнае назіранне за Куліковым полем». На гэтым месцы 18 мая падчас збору людзей яны збіраліся падарваць аўтамабіль. Была ўзбуджаная крымінальная справа. На допыце Шабалін прызнаўся ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Адэсе 2 мая, у выніку якіх загінула больш за 40 чалавек.

Радыё Свабода