TikTok выдаліў акаўнт прапагандысцкай «Мінскай праўды»

Прапагандысцкі холдынг «Інфармацыйнае агенцтва «Мінская праўда», які належыць Мінскаму аблвыканкаму, пазбавіўся акаўнта ў сацыяльнай сетцы TikTok з 40 тысячамі падпісчыкаў. Пра гэта паведамляе афіцыйны телеграм-канал холдынгу.

tiktok__1_.jpeg

«На працягу доўгага часу на старонку былі арганізаваны атакі па яе блакаванні. Акаўнт выклікаў раздражненне ў «збеглых» і іншых «свядомых». Але праўдзе рот не зачыніш!» — з характэрнай для агітпрапа рыторыкай абураюцца выдаленню дзяржаўныя прапагандысты і прапануюць падпісацца на альтэрнатыўны канал холдынгу ў TikTok.

У «Мінскай праўдзе» мяркуюць, што прычынай нападу стала «нязручная для некаторых праўда», нібыта заснаваная на «фактах».

Інфармацыйнае агенцтва «Мінская праўда» валодае абласной выканкамаўскай газетай «Мінская праўда», радыёстанцыяй «Мінская хваля», раённымі газетамі «Узвышша» (Дзяржынскі раён), «Чырвоная зорка» (Уздзенскі раён) і «Прысталічча» (Мінскі раён), нагадвае reform.news.

Як мінімум апошнія некалькі гадоў праца рэдакцыі агенцтва сінхранізаваная з расійскай прапагандай. Пасля нападу Расіі на Украіну холдынг падключыўся да антыўкраінскай прапаганды, распальвання нянавісці і варожасці паміж народамі, апраўдання вайны і масавых забойстваў мірных жыхароў. Супрацоўнікі холдынгу цалкам перайшлі на парадак расійскай ваеннай прапаганды.