Толькі вершы, толькі песні (фота)
Больш за сотню чалавек прыйшлі вечарам 11 ліпеня да помніка Янку Купале, каб паслухаць вершы Уладзіміра Някляева і павіншаваць яго з юбілеем.
«Я спрабаваў знайсці нейкую залу
для прэзентацыі новай кнігі “Толькі вершы”. Тлумачыў, што ў кнізе насамрэч
толькі вершы, больш нічога. Але залы не знайшоў. Паўсюль пасля “кансультацый з
адміністрацыяй” адмовілі. Нават у Доме літаратара, у доме Саюза пісьменнікаў
Беларусі, дзе я некалі быў старшынёй. Пасля Плошчы 2010 года, пасля збіцця, шпіталю,
пасля турмы я меркаваў, што ведаю пра цяперашнюю беларускую ўладу ўсё. Аказалася
— не. Такой дробязнай помслівасці не чакаў. Гэта адкрыта
выяўленая знявага. А я не дазваляў зневажаць сябе нікому і ніколі. Ні ў турме,
ні на волі. Таму я прыйду 11 ліпеня а 19.00 у Купалаўскі сквер. Да помніка Янку
Купалы, да якога прыходзіў заўсёды. І буду, як заўсёды, чытаць вершы. Калі
слухаць мяне прыйдзе толькі адзін чалавек, я буду чытаць вершы гэтаму аднаму
чалавеку…», — напісаў Някляеў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Але прыйшоў не адзін чалавек, прыйшлі дзясяткі. А яшчэ Зміцер Вайцюшкевч і Лявон Вольскі, якія выконвалі ў тым ліку песні на словы Уладзіміра Някляева.