Траіх жыхароў Чачэрска прысудзілі да калоніі за налепленыя стыкеры

У судзе Чачэрскага раёна вынесены прысуд па справе траіх маладых мясцовых жыхароў — Вадзіма Дзенісенкі, палітзняволенай Рыты Зотавай і Мікіты Хількевіча.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Суддзя Павел Цыганок прысудзіў Вадзіму Дзенісенку 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму, Рыце Зотавай і Мікіту Хількевічу — па 2 гады калоніі агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.
Нагодай для суда сталі некалькі стыкераў. Маладыя людзі наляпілі іх на тэрыторыі мясцовай школы па дарозе з вечарынкі. Дырэктарка школы Вольга Цалко выклікала на моладзь міліцыянтаў.
Дарэчы, Рыта Зотава наляпіла толькі адзін стыкер, што не зменшыла тэрміну яе пакарання.
Вадзім Дзенісенка расказаў, што падчас запісу «пакаяльнага відэа» яго прымусілі сказаць на камеру: «ГУБАЗіК вас усіх знойдзе». Яму пагражалі ўдарыць палкай, калі ён не скажа гэтую фразу.
Паводле «Еўрарадыё».