Праваабаронца Леанід Судаленка не атрымлівае лістоў у калоніі

Палітвязень Леанід Судаленка ўжо два месяцы не атрымлівае лістоў. Адміністрацыя калоніі сцвярджае, што перапісцы не перашкаджаюць.

sudalenka_smiarotnae_1_1.jpeg


Судаленка знаходзіцца ў папраўчай калоніі №3 «Віцьба» з 27 студзеня. У нядаўнім лісце жонцы ён паведаміў, што з тых часоў лістоў не атрымліваў. Днямі ягоны сябар Васіль Палякоў напісаў заяву начальніку калоніі з патрабаваннем не перашкаджаць перапісцы і перадаць лісты Леаніду. піша REFORM.by.

У адказ адміністрацыя напісала, што «уся карэспандэнцыя, якая паступае на імя асуджанага Судаленка Л. Л., яму выдаецца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам». Палякаў збіраецца звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў.

Леаніда Судаленку затрымалі ў пачатку 2021 года і асудзілі паводле ч. 1 і 2 арт. 342 КК на тры гады калоніі, абвінаваціўшы ў фінансаванні і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.