«Трэба за нешта жыць». Вераніка Цапкала знайшла працу ў Грэцыі

Ужо тыдзень сям’я экс-кіраўніка «Парка высокіх тэхналогій» Валерыя Цапкалы адкрывае для сябе новую краіну.

veronika_cepkalo.jpeg.webp

Вераніка Цапкала пакінула сваю працу амаль адразу, як стартавала выбарчая кампанія яе мужа. Не так даўно Валерый Цапкала ў інтэрв’ю «Газета.ру» прызнаўся: у сям’і заканчваюцца грошы, жонка збіраецца выходзіць на працу.

«Я цяпер буду вяртацца, напэўна, да кансультацыйнай дзейнасці, таму што трэба на нешта жыць, жонка таксама збіраецца выходзіць на працу, — распавядаў Цапкала расійскім журналістам. — Тыя назапашванні, якія ў нас былі, ужо падыходзяць да канца, і трэба шукаць баланс паміж зарабляннем грошай і грамадскай дзейнасцю. Можа, нават пераедзем з Латвіі».

Вераніка Цапкала, нагадаем, працавала ў буйной міжнароднай IT-кампаніі, займалася пытаннямі бізнес-развіцця. Зараз яна знайшла працу ў Грэцыі, таксама ў IT-кампаніі, дзе будзе адказваць за маркетынг.

— Больш за год мы жывём на нашы асабістыя зберажэнні, Валерый працуе ў якасці міжнароднага кансультанта, — распавядае Вераніка. — За ўвесь гэты час мы не атрымалі ніякай іншай дапамогі. Мы прынялі рашэнне, што я таксама павінна вярнуцца на працу, бо нам трэба за нешта жыць.

Вераніка Цапкала кажа, што за апошні час яе дзеці (у Цапкалаў двое сыноў) змянілі чатыры школы. Цяпер у Грэцыі бацькі знаходзяцца ў працэсе пошуку новай школы — хутка распачнецца навучальны год.

— Чыста рускай школы тут не існуе, а для нас прынцыпова, каб дзеці маглі чытаць і пісаць на рускай мове, — кажа Вераніка. — Мы шукаем школу. Магчыма, дзеці будуць пару разоў на тыдзень хадзіць у спецыяльную школу, каб вывучаць рускую мову. Беларускамоўных школ тут няма наогул.

Вераніка Цапкала ўпэўнівае, што яны з мужам ніколі не разглядалі магчымасць назаўжды застацца жыць у іншай краіне.

— У нас было шмат магчымасцей пераехаць у ЗША ці ў краіны Заходняй Еўропы, але мы заўсёды хацелі жыць дома, — гаворыць яна. — Мы і цяпер сумуем па нашай краіне, па радзіме, і робім усё магчымае, каб хутчэй вярнуцца дадому.

www.nv-online.info