Таццяна Нядбай: «Беларускі ПЭН-цэнтр працуе ў выгнанні. Як кубінскі ці паўночнакарэйскі»

Прадстаўніца Беларускага ПЭН-цэнтру лічыць, што ўлады не абдумвалі рэпутацыйныя страты перад тым, як ліквідаваць арганізацыю.

njadbaj_833x400.jpg


Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў Беларускі ПЭН-цэнтр 9 жніўня. Рашэнне не падлягае абскарджанню, а таму ўступіла ў сілу. Таццяна Нядбай заявіла, што літаратары ўспрынялі гэтую навіну як своеасаблівае прызнанне арганізацыі ва ўмовах, калі ў Беларусі вынішчаюць грамадскі сектар, перадае Радыё Рацыя.

«Арганізацыя, вядома, і далей працягне працу. Лічым за гонар. ПЭН-цэнтр у выгнанні. Як Паўночная Карэя, як Куба маюць свае ПЭН-цэнтры ў выгнанні. Мне здаецца, сёння настолькі моцныя іміджавыя, рэпутацыйныя страты ў беларускіх уладаў, што ім ужо ўсё адно. Ім трэба выканаць гэтую задачу. Я маю на ўвазе, міністэрствам, сілавікам — ліквідаваць, яны гэта робяць ужо не надта думаючы. Бо калі б яны думалі пра рэпутацыю, ніколі б не здарылася гісторыя з самалётам, у якім ляцеў Пратасевіч, або з мігрантамі».

Салідарнасць з Беларускім ПЭНам выказваюць шэраг арганізацый: Міжнародны ПЭН, ПЭН Амерыка, Шведскі ПЭН, Украінскі ПЭН, Польскі ПЭН і таксама іншыя арганізацыі.

ПЭН-цэнтр — міжнародная сетка арганізацый, якія аб’ядноўваюць прафесійных літаратараў між іншым з мэтай пашырэння інтэлектуальнага супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій. Старшыня беларускага ПЭН-цэнтра — Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

Ліквідавала арганізацыю суддзя — Сакалоўская Г.М., прадстаўніком Міністэрства юстыцыі на судзе выступіў Печкуроў А.У., пракурорка — Кавальчук І.А.

14 ліпеня сілавікі правялі ператрус па юрыдычным адрасе Беларускага ПЭН-цэнтру. У прадстаўнікоў ГУБАЗіК МУС была пастанова на ператрус, падпісаная генеральным пракурорам Андрэем Шведам. 19 ліпеня арыштавалі рахункі арганізацыі, а 22 ліпеня Міністэрства юстыцыі падало пазоў аб ліквідацыі ПЭН-цэнтру.