Трэшачок тыдня. Чыноўнікі будуць па загадзе здаваць аналізы, варожая птушка сініца

Як пісаў нехта з класікаў, я спяшаюся пасмяяцца з усяго, інакш мне давялося б заплакаць. Не трэба плакаць — лепш паглядзіце, што за крынж мы сабралі на гэтым тыдні.

1_641.jpg

Чыноўнікаў прымусілі праходзіць медагляд

Тое, што беларускія чыноўнікі неразумныя як дзеці, многія беларусы падазравалі і раней. Мінулымі днямі Лукашэнка фактычна зацвердзіў гэта сваім указам. Паводле яго, цяпер вертыкальшчыкаў «у межах дзеючага заканадаўства» і ва «ўстаноўленым парадку» будуць накіроўваць на рэгулярныя медагляды. Ну правільна: бо самі ж сачыць за ўласным здароўем не могуць.
Імаверна, на такое рашэнне паўплывала заўчасная смерць міністра замежных спраў Макея, пра прычыны якой лукашэнкаўцы не палічылі патрэбным расказаць грамадству. Але ж ацаніце падыход: каб такога болей не паўтарылася, на аналізы чыноўнікаў будуць выклікаць як у школе да дошкі. І хай толькі нехта паспрабуе ўхіліцца ад пачэснага абавязку. Без даведкі аб пройдзенай флюараграфіі і тым больш без подпісу практолага з лечкамісіі да працы на карысць славутай квітнеючай стабільнасці дапускаць не будуць. А ў выпадку чаго могуць і крымінальную справу ўзбудзіць паводле артыкула аб службовай нядбайнасці. А як інакш кваліфікаваць, напрыклад, адсутнасць подпісу псіхіятра альбо нарколага ў медыцынскай карце?

2_594.jpg


Цікава гэта ўсё, канечне. І не толькі тое, што рэжым нават сваім верным паслугачам не пакідае права самім кантраляваць артэрыяльны ціск і ўзровень цукру ў крыві. І не тое, што спецыяльна дзеля клопату пра здароўе Качанавай ды Галоўчанкі з бюджэту будуць выдзелены дадатковыя сродкі. Цікава, як усё далей і далей беларуская рэчаіснасць рухаецца ў бок тэрыторыі строгага рэжыму. Гэтак аднойчы справа дойдзе і, скажам, да трохразовага харчавання супрацоўнікаў міністэрстваў і ведамстваў па загадзя ўзгодненым меню. І да рэгламентаваных заняткаў спортам, сексам і чымсьці там яшчэ. Зрэшты, як раз чыноўнікаў не шкада. Яны самі выбралі гэты шлях, то хай цяпер таўкуцца ў сваёй чарзе на клізму.

Ці адрэагуе УЕФА на «чорныя спісы» футбалістаў?

Як «НЧ» ужо паведамляў са спасылкай на спартовае выданне «Тр*буна», Міністэрства спорту склала «чорныя спісы» футбалістаў, якім фактычна забаронена займацца ўлюбёнай справай на радзіме. Чаму? Таму што ў 2020 годзе мелі нахабства выступіць супраць гвалту дай увогуле на тварах у іх напісаны яўны дэфіцыт лаяльнасці. То гэць з футбольнага поля, як гэта заведзена ў рэжыму.
Насамрэч добра, што гісторыя і спісы патрапілі ў публічную прастору. Цяпер варта сачыць за тым, ці не здасць Мінспорта назад. Бо адна справа ціхенька выціснуць з клубаў няўгодных гульцоў, і зусім іншая — зрабіць гэта паводле загадзя апублічанага спісу. У апошнім выпадку нядоўга нарвацца на незадавальненне саюза еўрапейскім футбольных асацыяцый (УЕФА). Менавіта гэтай арганізацыі з офісам у швейцарскім Ньёне падпарадкоўваецца Беларуская федэрацыя футбола (БФФ), праз што айчынныя каманды дагэтуль маюць права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.
Аднак жа ёсць у статуце УЕФА непрыемны для беларускіх спартыўных бонзаў пункцік. Ён забараняе будзь якую дыскрымінацыю гульцоў, а па грамадска-палітычная прыкмеце — дык асабліва. Канечне, менеджары УЕФА яшчэ тыя страусы — умеюць схаваць галаву ў пясок і не бачыць прыгнёту спартсменаў дыктатарскімі рэжымамі. Але міма такога дэманстратыўнага кроку — забароны на прафесійную дзейнасць ажно для паўсотні футбалістаў — Ньён можа і не прайсці. І тады БФФ могуць проста дэлегітымізаваць, адпаведна забараніўшы клубам і зборным гуляць у еўрапейскіх турнірах.
Ці разумеюць гэта ў Мінспорта? Мусіць, так. І цяпер, калі журналісты агучылі гэтыя рэпрэсіўныя намеры, верагодна, чыноўнікі перасцерагуцца рабіць сваю чорную справу. Але ж не факт. Асаблівасць лукашэнкаўскай сістэмы ў тым, што яна можа з дурной упартасці секчы сук, на якім сядзіць. То не будзем перашкаджаць — будзем сачыць за сітуацыяй.

Як белая сініца стала ў Беларусі «экстрэмісткай»

3_532.jpg


Мы ўжо неяк пісалі, як у Мінску на навагодняй елцы забаранілі сінічак у прыродных сіне-жоўтых колерах. Відавочна, што палічылі такую афарбоўку «бандэраўскай» і надалі птушкам, як і мае быць, чырвона-зялёных адценняў. І вось у пэўным сэнсе працяг гісторыі.
Захацелася тут надоечы «Белпошце» зладзіць галасаванне на лепшую марку 2022 года. Спачатку ўсё ішло ў адпаведнасці з ідэалагічна слушным сцэнаром — карыстальнікі галасавалі сяк-так на сайце, дый добра. Аднак неўзабаве добрыя людзі заўважылі, што сярод «намінантак» ёсць марка з выявай белай сініцы. І не проста — да таго ж выраблена гэтая марка была пры ўдзеле грамадскай арганізацыі «Ахова птушак бацькаўшчыны». Так, менавіта той самай, якую лукашэнкаўцы чамусьці абвясцілі «экстрэмісцкай», ліквідавалі, а кіраўніка Віктара Фенчука дык увогуле кінулі за краты.
Зразумела, як толькі пра такую «біяграфію» маркі стала вядома, беларусы адразу пачалі за яе галасаваць. У хуткім часе белая сініца лідзіравала на сайце «Белпошты». Што было далей, вы, напэўна, ужо здагадаліся. Вядома, перамагчы «змагарскай» птушцы лукашэнкаўцы не дазволілі. Спачатку вельмі моцна падгарэла ў прапагандыстаў, а потым сінічку ціхенька прыбралі з шэрагу прэтэндэнтаў на званне маркі года. Нічога незвычайнага — чарговы акт пераможнай барацьбы з усім, што не ўпісваецца ў ідэалагічныя катэхізісы рэжыму. Якая марка там у выніку перамагла, невядома. Дый нікому гэта ўжо нецікава. Хіба што варта было б даведацца, ці пакаралі таго «дыверсанта», які дапусціў да галасавання тую белую сініцу. Мусіць, пакаралі, але дакладна тое невядома.

Лукашэнка хоча прымазацца да космасу за расійскі кошт

5_460.jpg


Аляксандр Лукашэнка зноў выправіўся ў госці да Уладзіміра Пуціна. Нейкая там зноў нагода, каторы ўжо раз суагрэсары будуць пра нешта шаптацца. Але між іншым завітаў мінскі госць у Маскве ў Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў. Тут ужо ўсё зразумела: карціць чалавеку адправіць кагосьці з беларусаў у космас. Не за свой, зразумела, кошт — за расійскі. На расійскім караблі, у складзе расійскага экіпажу — але абы хто паляцеў.Ужо вядома, што на арбіту выйдзе жанчына. На зорнае турнэ прэтэндуюць дзве бортправадніцы «Белавія», судовая экспертка, акушэр-гінеколаг, дзіцячая хірург і вучоная. Усе правераныя, усе лаяльныя, палітычнага прытулку на Марсе дакладна ніхто не папросіць.
Аднак адметна тут іншае. Тое, дзеля чаго ўсё гэта робіцца. Не, нейкага плёну краіне з таго палёту не будзе. Будзе вялікі піяр для рэжыму. Памятаеце, як падчас адкрыцця БелАЭС (пабудаванай зноў жа за расійскі крэдыт) Лукашэнка назваў Беларусь ядзернай дзяржавай? Вось і бортправадніцы тыя напружваюцца цяпер толькі таму, каб Беларусь стала «касмічнай дзяржавай». Ужо зараз можна вангаваць, што менавіта гэта Лукашэнка і скажа, калі планы здзейсняцца. А прапаганда будзе захлынацца ў захапленні і казаць пра беларускага Гагарына. Яшчэ і ўласны Дзень касманаўтыкі прыдумаюць, хаця гэта недакладна.
Як мы ўжо адзначалі, Лукашэнкам рухаюць панты і пыха. Ядзерная дзяржава, касмічная… Якіх-небудзь нарвежцаў альбо фінаў гэта наогул не цікавіць — затое жывуць яны заможна і якасна. Беспантова жывуць. Не цягне іх вырабіць уласны ноўтбук, ці там вакцыну ад каронавіруса. Не бачаць мэтазгоднасці. А вось Лукашэнка носіцца са сваімі пантамі — і, канечне, з пражэктамі, ад якіх за кіламетр патыхае лухтой. Бо як ні рабі ноўт, ён атрымаецца кітайскі. Як ні намагайся зрабіць вакцыну — нікому яна не будзе патрэбна. Як ні ляці ў космас і ні працуй з мірным атамам — за чужы рахунак на гэта любы дурань здольны.
Іншая справа, што Лукашэнка — не любы, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.