Трэшачок тыдня. Як Лукашэнка за хвіліну некалькі разоў схлусіў

Ад 2020 года ў Беларусі трывае грамадска-палітычны крызіс, і менавіта на гэтай глебе ў краіне пышным колерам квітнее сюр. Працягваем збіраць яго ў адмысловай рубрыцы.

1_613.jpg

Аб’яўлена ў вышук нацыянальная ідэя

2_567.jpg


На 29-м годзе свайго абсалютысцкага кіравання Лукашэнка раптам устурбаваўся адсутнасцю ў беларусаў нацыянальнай ідэі. Спачатку аб гэтым ён занепакоена казаў на сустрэчы з сумнавядомым расійскім філосафам-імперцам Дугіным, а потым працягнуў — у пятніцу, калі паехаў у Брэсцкую вобласць памацаць айчынныя беспілотнікі.

«Нацыянальная ідэя — гэта тое кароткае, кампактнае, што цябе павінна захапіць адразу. Вось глянуў, рот раскрыў і дыхаць не можаш. Можа, я памыляюся. Гэта мой пункт гледжання. Але я пакуль такой ідэі не бачу», — развёў рукамі дыктатар.

Тут, канечне, адразу ўзнікае пытанне: дык, можа, прыйшоў час пагнаць вядомымі анучамі ўсю дармаедскую безліч штатных ідэолагаў? Бо калі няма ідэі — на які ляд ідэолагі? Але не: гэтых людзей Лукашэнка чапаць не будзе. І прычыны вядомыя.

А нацыянальную ідэю лукашэнкаўскай Беларусі сфармуляваць насамрэч нескладана. Культ асобы — і ўсё, што з гэтым звязана. Кавалачак зямлі, які пад чуллівым кіраўніцтвам генія са Шклоўшчыны мацуецца і квітнее.
Такая ідэя шмат гадоў прэ з тэлевізара, радыё ды іншых афіцыйных крыніц. Такую ідэю навязліва прасоўвае прорва чыноўнікаў і грамадскіх актывістаў на заробку. Аляксандр Лукашэнка — пуп беларускай зямлі, каб ён быў здаровы. Вось і ўсё.

Аднак нешта перашкаджае гэтаму пупу назваць рэчы сваімі імёнамі. І ён спрабуе намацаць ідэю ў той пустэчы, якую стварыў па перыметры ад сябе. Робячы выгляд, што яе пакуль не існуе.

Супраць Ягора Лебядка завялі новую справу за тое ж самае

Лукашэнкаўцы абвесцілі пра ўнікальнае працэсуальнае вынаходніцтва. Аказваецца, крымінальныя справы могуць размнажацца фактычна паветрана-кроплевым спосабам. Выпрабаванні прайшлі на кейсе палітзняволенага ваеннага аналітыка Ягора Лебядка. Паведамляецца аб паспяховых выніках.

Цяпер сур’ёзна: супраць палітвязня завялі новую справу паводле старых абвінавачанняў. Лебядка і так схапілі супрацьпраўна — за тое, што даваў інтэрв’ю «экстрэмісцкім медыя» (тое ж самае беспакарана робяць і прыхільнікі дзейнай улады). А тут яшчэ і пачалі другую крымінальную вытворчасць, бо, бач ты, пануе здзельны прынцып: адно інтэрв’ю — адна справа.


3_505.jpg


Калі кіравацца гэтымі вычварэнскімі практыкамі, то палітзняволенага лёгка можна падвесці пад пажыццёвае пазбаўленне свабоды — як чалавек медыйны, ад прапаноў інтэрв’ю ён амаль не адмаўляўся.

Але ўзнікае справядлівае пытанне: навошта ўвогуле шукаць у сеціве іншыя размовы з «варожымі» СМІ, калі адзін асобна ўзяты стрым можна спрытна нарэзаць тонкімі лустамі? Адна хвіліна эфіра — адна справа. Ці адзін асобны адказ на адно пытаннечка. Тая ж самая здзельшчына, але больш зручная.

Невядома, ці карныя органы задумваліся аб такім рацыяналізатарстве, аднак новае вынаходніцтва — вось яно, на паверхні. Як на паверхні і маятнік з бумерангам, што ляцяць усё далей, бо бясхітрасныя людзі ў пагонах іх толькі падхвостваюць. Аднойчы яны абавязкова вернуцца, і мала некаму не падасца. Гэты кінетычны закон хібаў яшчэ не даваў.

Кіраўніка Рэчыцкага райвыканкама затрымалі за нястачу свіней

Шматгадовы старшыня Рэчыцкага райвыканкама Віталь Панчанка раней быў вядомы сваім «феерычэскім» віншаваннем землякоў з Новым годам («в эци мінуты і часы мы чуствуем, как стрэміцэльна леціт врэмя»). А цяпер яго слава сягнула яшчэ вышэй. Чыноўніка спачатку звольнілі, а потым затрымалі.


Пра тое, што Панчанка за кратамі, напісала рэгіянальнае выданне «Фл*гшток». Там жа згадваецца і прычына. Цяпер ужо былому кіраўніку інкрымінуюць нястачу свіней і буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках Рэчыцкага раёна.

4_471.jpg


Мараль сей басні… Зрэшты, мараль тут непатрэбная. І так вядома, што можна гадамі служыць лукашэнкаўскаму рэжыму, абараняць яго і нішчыць нязгодных, а потым улада «аддзячыць» табе турмой, і пенсію ты сустрэнеш у местах не столь аддаленых. І павіншаваць у сваім непаўторным стылі з Новым годам зможаш хіба толькі баландзёра ды вертухая.
Так выбудавана гэтая сістэма. І колькі яе верных службоўцаў ужо «прыселі» за нястачу свіней альбо гусей… Пры гэтым бліжэйшае атачэнне Лукашэнкі якраз недатыкальнае. Па-за падазрэннямі, як жонка Цэзара. Ну а вінцікі, калі што — на нары, бо яны расходны матэрыял.

Лукашэнка распавёў пра «запыт» СБУ

Напрыканцы — зноў пра Лукашэнку. У пятніцу побач з беспілотнікамі ён паспеў яшчэ і некалькі разоў схлусіць літаральна за адну хвіліну.
Раптам загаварыўшы пра Службу бяспекі Украіны, якая нібыта абвясціла яго ў вышук, Лукашэнка нечакана вырашыў паведаміць «інсайд» (так і сказаў): распавёў, што СБУ шукае сустрэчы з беларускімі калегамі і на гэты конт нават накіравала ў Мінск адмысловы запыт.
«Прыязджайце — не пытанне. Сустрэнуся з імі, пагавару. Як там яго прозвішча? Палкоўнік Буданаў. Мы з вамі сустрэнемся, перагаворым. Бяспеку на сваім участку нашай тэрыторыі забяспечым 100%. Мы адкрытыя людзі і баяцца нам няма чаго», — адзначыў аўтакрат з 28-гадовым стажам.
Цяпер па парадку. Ніякая СБУ Лукашэнку ў вышук не абвяшчала — яго прозвішча няма ў спецыяльных базах украінскіх спецслужбаў. У той дзень у сеціве з’явіўся мем наконт вышуку беларускага суагрэсара, з яго хутка пасмяяліся карыстальнікі, а вось Лукашэнка, выглядае, гумару не зразумеў.

5_436.jpg


Згаданы ім «палкоўнік Буданаў» насамрэч аніякі не палкоўнік, а генерал. І ўзначальвае ён украінскую выведку, а не СБУ.
Ну і галоўнае: украінская Служба бяспекі не прапаноўвала сустрэчу беларускім калегам. Што ўвечары і давяла журналістам, прычым у досыць з’едлівай форме: «СБУ не каментуе лухту і чарговыя фантазіі чалавека, які называе сябе прэзідэнтам Беларусі».
У іншай сітуацыі ў гэтым месцы ўзнік бы, як кажуць, няёмкі момант, але ж з нашага сівага мерына як з гуся вада.