Тры гады «хіміі» за «нязгоду з падлікам галасоў»
24 лістапада 2021 года ў судзе Цэнтральнага раёна вынесены прысуд 30-гадоваму мінчуку Аляксандру Лянько. Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала яго вінаватым паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса і асудзіла да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — «хіміі». Мужчыну вызвалілі ў залі суда. Падчас пасяджэння Лянько знаходзіўся пад вартай ў кайданках. Яго затрымалі 25 жніўня 2021 года, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Таксама суддзя вынесла прыватную пастанову па месцы працы мужчыны праз недастатковую прафілактычную работу. Пазоў «Мінсктранса» пакінуты без разгляду, ён можа разглядацца ў асобнай грамадзянскай вытворчасці.
Бок дзяржабвінавачання падтрымліваў Цімафей Нічыпарук.
«Рухаўся ў калоне, аб'яднаўшыся рукамі з іншымі асобамі»
Згодна з абвінавачаннем, 9-10 жніўня 2020 года Аляксандр Лянько «прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»: на праспекце Машэрава публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, накіраваныя на доўгае парушэнне спакою грамадзян, рухаўся ў калоне, аб'яднаўшыся рукамі з іншымі асобамі. Ён неаднаразова адмовіўся выканаць патрабаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, а таксама наўмысна перашкаджаў руху транспартных сродкаў.
«Не быў згодны з падлікам галасоў на выбарах»
Аляксандр Лянько прызнаў віну. Ён распавёў, што дзявятага жніўня каля 20 гадзін накіраваўся ў горад, бо не быў згодны з падлікам галасоў на выбарах. Ён з сябрамі даехаў да ГЦ «Карона», а потым пешшу пайшоў да Стэлы: там было ўжо некалькі тысяч чалавек. Аляксандр бачыў людзей з БЧБ-сцягамі, але ў яго не мелася сімволікі, ён не пляскаў у далоні і не выкрыкваў лозунгі. Мужчына пацвердзіў, што ўдзельнічаў у счэпцы каля пяці хвілін.
Ён разумее, што знаходзіўся там без дазволу і дзеянні з нявыяўленымі асобамі маглі пацягнуць за сабой парушэнне працы транспарту. Але падкрэсліў, што, калі прыехаў на месца, праезная частка была вольная, транспарт пазней перакрылі супрацоўнікі ДАІ. У будучыні ён не плануе больш нікуды выходзіць.
Калі 23-й гадзіны ён з'ехаў, бо пачалі ўжываць светлашумавыя гранаты.
«Мінсктранс»: пазоў на 3621 рубель
Як доказ віны Лянько прад'явілі фотаздымкі счэпкі, дзе ён пазнаў сябе і таварышаў. Ён быў у чорнай майцы з надпісам «Беларусь» чырвонага колеру. Падчас пасяджэння таксама разглядалася асабістыя ліставанні мужчыны ў Тэлеграме, а таксама яго ліставанні з ботамі, куды ён адпраўляў інфармацыю.
Шабуня запыталася, ці спрабаваў абвінавачаны дзейнічаць у межах закона, каб выказаць сваю нязгоду з вынікамі выбараў. Ён адказаў, што спрабаваў: стараўся не выходзіць на праезную частку.
Сярод матэрыялаў справы — звесткі пра тэлефонныя злучэнні, пратаколы агляду месцаў падзей.
Да справы далучаныя акты аб спыненні грамадскага транспарту 9 жніўня: «Мінсктранс» заявіў пазоў на 3621 рубель шкоды. Лянько прызнаў пазоў абгрунтаваным, але не пагадзіўся з сумай.
Што было ў спрэчках?
Падчас спрэчак пракурор падкрэсліў, што дзеянні абвінавачанага былі кваліфікаваныя правільна, і папрасіў прызнаць яго вінаватым і прызначыць абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ тэрмінам на тры гады — «хіміі».
Абаронца папрасіў улічыць, што у Лянько пажылыя бацькі, якім ён дапамагае. У апошнім слове мужчына папрасіў не караць яго строга. Судддзя пагадзілася з тэрмінам, які запрасіў пракурор. Мужчыну вызвалілі ў залі суда.