Тры мяхі падарункаў. Як прыватны прытулак выпраўляе памылкі іншых

У Лельчыцах на тэрыторыі прыватнай фірмы размясціўся сямейны прытулак для сабак "Томас". Па словах Яніны Казловай, куратаркі ўстановы, усё пачыналася з некалькіх вальераў, на сённяшні дзень у ім налічваецца ўжо да 70 жывёл. Аднак на мінулым тыдні прытулак нечакана абзавёўся яшчэ 13 гадаванцамі, для якіх тэрмінова шукаюць куратараў і ператрымку.

lelchycy_galouny_4.jpg

"Вечарам у пятніцу мне патэлефанаваў бацька і сказаў неадкладна прыехаць. Апісаў месца куды, — прыгадвае Яніна. — Сказаў, што знайшоў для мяне тры мяхі падарункаў. Я чула, што на заднім фоне нехта папісквае. Перапытваю ў яго, ці сабакі гэта? А ён мяне толькі прыспешваў, маўляў, хутчэй давай".

Ужо на месцы дзяўчына ўбачыла развязаныя белыя паліпрапіленавыя мяхі, што ляжалі ў канаве ля трасы. У адным з іх было пяць месячных шчанюкоў, у другім – сем малютак ад трох тыдняў, у трэцім — кармячая сучка.

 

lelchycy_kalaz.jpg

"Тата зразумеў, што нешта не так, калі пад'язджаючы да гэтага месца ўбачыў сабаку, што стараўся выбрацца з меха праз выгрызеную дзірку", — распавядае дзяўчына.

Усе жывёлы былі ў стрэсе. Відавочна, сядзелі яны ў "пастках" даволі доўга: малыя ад "саўны" у мяхах былі млявымі. Толькі, калі іх "высыпалі" на паветра, крыху ачунялі.

Дарослы ж сабака, па словах Яніны, раней быў хатнім, дзікага так проста не зловіш і ў мех не пасадзіш. Аднак ад перажытага дзяўчынка стала асцерагацца людзей і не падыходзіць блізка.

"Мы вырашылі, што яе дзеткі — гэта сем зусім маленькіх шчанючкоў. З улікам, што яна трымалася на адлегласці, мы пакінулі іх разам з сабакам. Прывезлі на месца знаходкі будку, ежу, ваду", — кажа Яніна.

 

lelchycy_budka.jpg

 У прытулак забралі больш дарослых шчанюкоў. Каб засяліць іх, вызвалілі адзін з вальераў.

"Давялося трох дарослых сабак пакінуць без вальера, каб размясціць там пяцёра малых", — тлумачыць Яніна.

Першыя некалькі дзён шчанюкі былі вельмі неспакойныя, стараліся пралезці ў любую шчыліну. Толькі на дзень трэці, сцвярджае дзяўчына, з большага сталі прыветліва махаць хвастамі і лашчыцца, і тое не ўсе. Відавочна, гэта наступствы стрэсу і жорсткасці, якую ім давялося перажыць.

Дарослы сабака да гэтага часу трымаецца на адлегласці ад людзей, але малых не кідае, корміць.

"Да будкі мы ездзім па 5-6 разоў на дзень, прыглядаем за імі, падвозім корм і ваду. Але для іх там не месца: блізка траса, аўтамабілі носяцца з хуткасцю 140-150 км/г. А малыя ўжо пачынаюць высоўвацца з “доміка”, дзяўчынка дык часам і праз дарогу перабягае.

Дакладна трэба забіраць. І зрабіць гэта можна раніцай, калі “мамка” разам са шчанюкамі: падкрасца, закрыць лаз і разам з будкай везці… Але пытанне куды? Бо на добры толк ім трэба будаваць новы асобны вальер", — разважае Яніна.

Тым больш, што аднаму з меншых шчанюкоў трэба тэрміновая ветдапамога. Як кажа дзяўчына, ці то з-за меха, ці то ад нараджэння ў яго змаланая пярэдняя лапка.

 

lelchycy_maly.png

 "Найлепшы варыянт для яго — агляд у мінскай клініцы і ператрыманне. Наш прытулак гатовы ўзяць на сябе фінансавыя выдаткі па лекаванні. Галоўнае, каб знайшліся людзі, згодныя даглядаць за малым. Зараз для яго гэта пытанне жыцця і смерці", — кажа Яніна.

Для астатніх шчанюкоў паўстае падобная неабходнасць. Часовае надзейнае размяшчэнне пад наглядам гарантуе здароўе шчанюкоў. Праз вялікую іх скучанасць і праз тое, што яны былі знойдзены на вуліцы, патрабуецца абавязкова апрацоўка ад паразітаў: блох і глістоў. Зрабіць такія маніпуляцыі ў палявых умовах грунтоўна вельмі складана.

 

kalaz_malyh_1.png

 Што ж тычыцца чалавека, які здолеў праявіць такую жорсткасць да жывых істот, у Яніны ёсць падазрэнні на аднаго з мясцовых, але, на жаль, яны бяздоказныя. Таму прыцягнуць да адказнасці нікога не атрымаецца, як і даведацца прычын такога ўчынку.

"Відавочна, яны вельмі камусьці перашкаджалі", — уздыхае дзяўчына.

Дый найважнейшым на сёння, па словах Яніны, не праводзіць разбіральніцтва, а знайсці магчымасці ўладкаваць будучыню сабак, а дзеля гэтага патрэбны куратары, ператрымкі ці адразу пастаянны дом.

kalaz_malyh_2.png

 

Калі хтосьці з чытачоў адчувае здольнасць і жаданне падтрымаць, уратаваць маленькіх небарак, можна звязацца з Янінай Казловай праз яе старонку  Вконтакте ці па нумары тэлефона +375 29 166 00 56.

greenbelarus.info

 Фота: Яніна Казлова