TUT.BY можа страціць статус СМІ. Мінінфарм падало ў суд

Міністэрства інфармацыі звярнулася ў суд з пазовам аб спыненні выпуску сеткавага выдання TUT.BY. Гэта азначае, што па рашэнні суда TUT.BY можа страціць статус сродку масавай інфармацыі, аднак зможа працягнуць сваю працу ў якасці інтэрнэт-рэсурсу без статусу СМІ, паведамляецца на сайце выдання.

photo_2020_09_25_20_04_19.jpg

У адпаведнасці з дзеючай рэдакцыяй закона аб СМІ, рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсу ў якасці сеткавага выдання носіць добраахвотны характар. Статус СМІ дае некаторыя перавагі, у прыватнасці, магчымасць на законных падставах прысутнічаць у парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у раёнах узброеных канфліктаў або надзвычайных сітуацый, на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю.

Пасяджэнне прызначана на 8 кастрычніка ў Эканамічным судзе горада Мінска.

Падставай для прад'яўлення пазову з'явіліся раней вынесеныя папярэджанні Мінінфарма.

Ад 7 жніўня 2020 года TUT.BY атрымаў чатыры папярэджанні. Прэтэнзіі ад ведамства прыйшлі пасля матэрыялаў «В семь раз больше избирателей и „тайные“ протоколы. Какие нарушения увидели наблюдатели и что сказал ЦИК?», «Комитет госконтроля сможет выплатить крупные премии работникам, которые проявят себя в резонансных делах», «К редактору TUT.BY пришли силовики. На ее дочь завели дело о массовых беспорядках» і «Белорусская таможня попросила подтвердить, что в „Гарри Поттере“ нет призывов к свержению власти».  

Сеткавае выданне TUT.BY было зарэгістравана ў студзені 2019 года, да гэтага з моманту заснавання ў 2000 годзе TUT.BY працаваў без статусу СМІ.

Пакуль юрысты кампаніі вывучаюць атрыманыя дакументы. TUT.BY працягвае працаваць у ранейшым рэжыме і абяцае задзейнічаць усе прававыя механізмы для таго, каб магчымыя змены не закранулі яго аўдыторыю, кліентаў і партнёраў.