Тузін шчаслівых «хвастоў»

Напрыканцы мінулага года ў «Новым Часе» мы распачалі новую рубрыку «Выратуй жыццё!». Кожны дзень у ёй з'яўляецца гісторыя коткі ці сабакі, якія не маюць дома. Камусьці ад пачатку не пашанцавала нарадзіцца на вуліцы, хтосьці згубіўся, а некага проста выкінулі як непатрэбную рэч.

Гэтыя коткі і сабакі яшчэ шукаюць свой дом!

Гэтыя коткі і сабакі яшчэ шукаюць свой дом!


У кожнага быў свой шлях нягодаў і блуканняў. Але большасць з іх аб'ядноўвае адно: у нейкі момант на гэтым шляху з'явіўся неабыякавы чалавек з добрым сэрцам, які не змог прайсці міма коткі ці сабакі ў бядзе і ўзяў на сябе адказнасць за іх далейшае жыццё. Добра, што такіх людзей шмат, але «выцягнуць» усіх беспрытульных жывёл яны не ў стане. Спадзяемся, даючы двуногім і чатырохлапым шанец знайсці адзін аднаго мы робім гэты свет лепей. 
За два месяцы мы апублікавалі больш за 70 гісторый. І дванаццаць іх герояў ужо дома! Шчаслівы тузін — тых, хто знайшоў сям'ю, міску, канапу, бяспеку і любоў. І тых, хто атрымаў вернага сябра, ахоўніка, пухнаты камячок, які ўтульна муркоча пад бокам. Такі ўчынак — зусім неблагі пачатак новага года. І мы рады, што чытачы «Новага Часу» — добрыя і неабыякавыя людзі!
Сябры, мы заклікаем вас скарыстацца магчымасцю выратаваць жыццё! Магчыма, той, каго вы выратуеце сёння, калісьці прыйдзе на дапамогу вам. Добрыя справы абавязкова вяртаюцца!