Твой журналісцкі стыль
21–23 мая ў Гродна збяруцца маладыя журналісты з усёй Беларусі, каб узяць удзел у фестывалі «Твой стыль», арганізатарамі якога выступаюць ГА Цэнтр «Трэці сектар» (Гродна) і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
21–23 мая ў Гродна збяруцца маладыя журналісты з усёй Беларусі, каб узяць удзел у фестывалі «Твой стыль», арганізатарамі якога выступаюць ГА Цэнтр
«Трэці сектар» (Гродна) і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
У праграме фестывалю — майстар-класы, якія будуць весці знакамітыя вопытныя беларускія журналісты, фотавыстава, розныя прэзентацыі кшталту паказу дакументальных і гульнявых аўтарскіх фільмаў
маладых аўтараў, сустрэчы з цікавымі людзьмі, напрыклад, з Андрэем Куцілам — аўтарам і рэжысёрам, удзельнікам міжнародных кінафестываляў і форумаў.
Па словах намесніка старшыні БАЖ Аліны Суравец, у 2007 годзе, калі ладзіўся першы такі фэст (дарэчы, ужо тады ў ім узялі ўдзел больш за 150 чалавек), ён быў задуманы для маладых журналістаў
Гродзеншчыны, але гэтым разам ён будзе мець ужо агульнарэспубліканскі характар. «Асноўная ідэя фестывалю — максімальна выкарыстаць той журналісцкі патэнцыял, які ёсць у нас менавіта
ў БАЖ, тых класных журналістаў, якія маюць багаты досвед і могуць перадаць яго маладым, таму асноўным элементам гэтага фэсту будуць майстар-класы, якія працягнуцца два дні», —
адзначыла Аліна Суравец.
Сярод тэм майстар-класаў — «Майстэрства падрыхтоўкі навін» (яго будзе весці вядомы журналіст АР Юрась Карманаў), «Падрыхтоўка інтэрв’ю» (рэдактар
сайту «Заўтра тваёй краіны» Марына Загорская, якая выкладае ў Беларускім калегіуме курсы «Інтэрв’ю» і «Жанравая трансфармацыя
інфармацыі»), «Майстэрства быць фотажурналістам» (лаўрэат міжнародных прэмій Андрэй Лянкевіч), «Прафесійная інфармацыйна-пошукавая дзейнасць журналіста»
(вядучы — сябра Еўразійскай Акадэміі тэлебачання і радыё (Масква), прафесар Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (ЕГУ) Эдуард Мельнікаў), «Спецыфіка працы
радыёжурналіста» (радыёжурналіст, дацэнт ЕГУ, акрэдытаваны карэспандэнт ВВС у Беларусі Таццяна Мельнічук) ды некаторыя іншыя. Па словах Аліны Суравец, праца спланавана арганізатарамі такім
чынам, каб маладыя журналісты змаглі наведаць некалькі майстар-класаў.
У межах фестывалю таксама адбудзецца ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу маладых журналістаў, які доўжыўся цэлы год. Пераможцы будуць вызначаны ў намінацыях: лепшы фотаздымак, лепшы рэпартаж альбо
артыкул, прысвечаны жыццю моладзі, лепшае інтэрв’ю.
Калі вярнуцца да прэзентацый, што маюць адбыцца падчас фестывалю, то звяртаюць на сябе ўвагу наступныя: «Моладзевы інфармацыйны мультымедыйны партал «Твой стыль» ,
Моладзевая акцыя мультымедыяў «Mam-media» , «Моладзь у дзеянні» (падпраграма Еўрапейскай валанцёрскай службы) — «Магчымасці валанцёрства
беларускай моладзі ў краінах Еўропы», а таксама прадстаўленне шэрагу іншых мультымедыйных праектаў.
Як адзначыла намеснік старшыні БАЖ Аліна Суравец, арганізатары прадугледзелі і багатую культурную праграму, каб не засяроджвацца выключна на праблемах журналістыкі. Падчас фестывалю адбудзецца
канцэрт маладых, але ўжо вядомых беларускіх гуртоў «Босае сонца» (Мінск), «ZnaROCK» (Мінск) , «Nonsense» (Гродна), «Vinsent»
(Мінск), таксама пройдзе паказ калекцыі «Твой Стыль» дызайнеркі Юліі Каляды, выстава «У Тваім Стылі» (мастацкая зварка, скульптуры з металу, скраббукінг, вырабы з
бісеру).
Дарэчы, пасля ўрачыстага закрыцця фестывалю пройдзе ўганараванне выпускнікоў праекту «Школа маладога журналіста–13», якіх павітае гродзенскі «Пётр Клюеў
Бэнд».