Тыднёвы трэшачок. На ТБ абмяркоўвалі фэйк, зноў дасталі Пратасевіча, рукапашны тэніс

Лукашэнкаўская Беларусь даўно жыве ў кафкіянскай рэчаіснасці, і ўсе астатнія краіны нам зайдросцяць. Толькі ў нас каронавірус лечаць трактарам і гарэлкай. Толькі ў нас садзяць у турму за «спробу захопу ўлады шляхам выбараў». Толькі ў нас цялятаў пояць кока-колай, каб яны пачуваліся больш бадзёра. 

tresz.jpg


Такі суверэнны трэшачок узнікае ў інфапрасторы штодзень — то, відаць, наспеў час занатоўваць яго для нашчадкаў. У цудоўнай Беларусі будучыні яны ж абавязкова спытаюцца: а ці праўда, што Лукашэнка абараняў сваю ўладу ад мірнага народа з аўтаматам без ражка? І нам будзе што ім расказаць.

Вы ўжо здагадаліся: на «НЧ» запускаецца новая рубрыка — пра абсурд, якога так багата ў нашым жыцці. Зводкі з гэтага паралельнага сусвету мы будзем выкладваць па нядзелях. Сёння — першая порцыя дзяржаўніцкай бздуры, сабранай цягам тыдня.

 

Пратасевіч вярнуўся ў эфір дзяржТБ, але гэтага ніхто не заўважыў

 

rstsvge0uvx2clfv.jpg

Больш за год таму ў Беларусі здзейсніў прымусовую пасадку «Боінг» Ryanair, але рэжым дагэтуль не вызначыўся, што рабіць са здабычай. Ужо асудзілі Соф'ю Сапегу, ужо ICAO вынес наконт інцыдэнта несуцяшальны для афіцыйнага Мінска вердыкт, ужо даўно закрыта неба над нашым блаславёным кавалачкам зямлі… І толькі Раман Пратасевіч застаецца непрыкаяным.

Журналіст застаецца ў спісах палітвязняў, і яго крымінальная справа, здаецца, не закрытая. Хлопец недзе жыве нібыта пад хатнім арыштам і ў рэдкіх допісах у сацсетках дэманструе, што ўсё ок. На словах ён нават ажаніўся нядаўна, але нічым уцямным гэта не пацверджана. Выглядае, што і ў сваім галоўным прызначэнні Пратасевіч стаў уладам нецікавы.

З яго хацелі зрабіць медыйны прадукт — вобраз чалавека, які расчараваўся ў апазіцыі, зноў палюбіў Вялікага Брата і пачаў служыць яму верай, праўдай і журналісцкім талентам.

Для гэтага Пратасевічу завялі тэлеграм-канал, анансавалі стварэнне новага медыя (як альтэрнатывы T*T.BY), якое ён узначаліць… Яго нават укаранілі ў шэрагі нейкай бессэнсоўнай лукашэнкаўскай праваабарончай структуры. І ўсё не туды, бо не скаланаецца болей парадак дня ад з’яўлення там злоўленага экс-рэдактара N*xta.

На гэтым тыдні прапаганда зрабіла яшчэ адну спробу — адчайную і ці не апошнюю. Палоннага журналіста зноў прывялі ў студыю АНТ, у перадачу падсанкцыйнага вядоўцы Марата Маркава. Інтэрв’ю Пратасевіча шырока анансавалася, маўляў, там будзе такое… Але гутаркі гэтай ніхто асабліва і не заўважыў.

Незалежныя медыя хорам праігнаравалі такую інфанагоду, а менавіта іх болей за ўсё чытаюць і ім давяраюць беларусы. Тэлеграм-каналы і карыстальнікі сацсетак пажартавалі над знешнім выглядам Рамана, які прыкметна скруглеў, зрабіў дарослую фрызуру і адгадаваў вусы. Дый усё — ні табе цытат у прэсе, ні чаканага рэзанансу.

Некалі, здаецца, Віктар Марціновіч пісаў, што ці не найпершай мэтай беларускай прапаганды з’яўляецца эфект пад назвай «каб у змагароў падгарэла». Няздалая спроба чарговы раз запусціць у медыйнае поле Бярлагу з «Боінга» правалілася. Не падгарае болей у грамадства ад Пратасевіча. І ўжо не падгарыць, нават калі ён зробіць сабе бакенбарды як у Барклая альбо прылюдна пяройдзе ў зараастрызм.

 

Лукашэнка загадаў перамагчы палёгліцу

 

Ва Украіне працягваецца крывавая вайна, а Аляксандр Лукашэнка зноў у доміку. Часткова — у літаральным сэнсе, бо нелегітымны палітык нібыта ўзгадаў барадулінскае «трэба дома бываць часцей» і стаў спраўна наведваць сваю родную Шклоўшчыну.

У працоўны ж час Лукашэнка пачаў хавацца ад трывожнай геапалітыкі на калгасных палетках. Бо жніво! А без мудрага кантролю галоўнага агранома на зямлі, вядома, не вырасце ні адно каліва. То ён і курсуе па ўрадлівых гектарах, і дае дразда нядбайным чыноўнікам і, вядома, падкідвае калгаснікам указанні касмічнага маштаба.

Мінулымі днямі такое шчасце спазналі ў Пастаўскім раёне, дзе былы старшыня саўгаса «Гарадзец» загадаў тэрмінова разабрацца з палёгліцай.

«Палёгліца ёсць і яе нямала!» — канстатаваў і Лукашэнка. І ўслед даў пялевінскую заруку, маўляў, «трэба мабілізавацца і прыбраць палёгліцу». Дзеля гэтага патрэбная жалезная дысціпліна, а калі што, то «бяры міліцыю і армію, толькі прымусь усіх працаваць».

Сталыя людзі ведаюць, што з палёглымі пасевамі лепшы спецыяліст ва ўсім змагаецца ўжо шмат гадоў. У 2014-м, напрыклад, ён казаў аграрыям прыкладна тое ж самае: «Галоўная задача — сабраць палёгліцу, гэта мяне больш за ўсё турбуе».

Шкада толькі, што сеціва на гэтыя перліны цяпер рэагуе без імпэту — мусіць, надакучыла. Іншая справа — мінулыя гады. Тады Лукашэнка неяк выдаў аграмудрасць: «Ротарная жняярка — не абмалот», дык інтэрнэт патануў у гумары, кпінах і хэштэгах. Тады ён неяк абмовіўся: «Вы хацелі дождж — я даў вам дождж», дык сацсеткі тыдзень трэсліся ад смеху.

Аднак часы зараз не тыя. Зараз за палёгліцу ў фэйсбуку могуць прыйсці і прад’явіць «абразу» альбо «распальванне варажнечы». І запісаць пакаяльнае відэа пра тое, што без жэстачайшага ўдзелу Аляксандра Рыгоравіча ў Беларусі не ўзыдзе ніводзін пшанічны каласок.

 

У гандбольным чэмпіянаце Беларусі згуляе клуб «Бусел Кітая»

 

20220804132522.jpg

Пасля пачатку вайны ва Украіне беларусі спорт апынуўся ў амаль суцэльнай міжнароднай ізаляцыі. Ні табе чэмпіянатаў свету, ні кубкаў Еўропы — сядзі дома, прадстаўнік краіны-агрэсара, удзельнічай у першынстве Вейшнорыі на прызы БРСМ.

Такі камуфлет рэжыму, натуральна, не спадабаўся. І хаця чыноўнікі адразу завучана заявілі, што санкцыі зробяць спорт мацнейшым, насамрэч у гэтую лухту не вераць і яны самі.

Карацей, пачаўся пошук варыянтаў, каб хоць неяк «абысці» санкцыі. Большасць федэрацый пайшлі самым відавочным кірункам — пачалі гуртавацца з такімі ж ізгоямі расійцамі. Лёгкіх шляхоў вырашылі не шукаць у гандболе. Тут замахнуліся адразу на Кітай. І нейкім чынам прыдбалі ў мужчынскі чэмпіянат краіны каманду з мілагучнай назвай «Бусел Кітая».

У гандбол кітайцы ўмеюць так сабе, гэта не сакрэт. Імаверна, таму і спакусіліся на прапанову больш дасведчаных беларусаў. Хутчэй за ўсё ў верасні, калі пачнуцца спаборніцтвы, тутэйшыя буслы добра абскубуць кітайскіх. Але інтрыга тут у іншым.

Ад Кітая да Беларусі — дваццаць тысяч лье пад вадой. То бок туды-сюды не паездзіш, трэба стала жыць у Беларусі. Мець свае, як кажуць, 16 аршынаў і недзе харчавацца. Як гэта ўсё будзе ўладкавана, не зусім зразумела. І за чый рахунак банкет — таксама дакладна не паведамляецца.

Вядома толькі, што ў чэрвені кітайскія гандбалісты завіталі ў Беларусь на таварыскія гульні. Амаль усім прайгралі, але ім спадабалася. Гэтак пытанне і вырашылася. То і добра. Застаецца пажадаць айчыннаму гандболу не спыняцца на дасягнутым і запрасіць да сябе на лучыну майстроў з Манголіі, Камбоджы альбо В’етнама.

 

На дзяржаўным тэлеканале абмяркоўвалі фэйк з сатырычнага рэсурсу

 

ont_2.jpg

Беларускія прапагандысты настолькі суворыя, што могуць убачыць несуцяшальныя для калектыўнага Захаду перспектывы нават у лужыне ля пад’езда. Надоечы вядучы АНТ Бачкоў собраў у студыі «экспертаў» кшталту Гігіна, каб на сур’ёзных шчах абмеркаваць канфлікт паміж Саудаўскай Аравіяй і ЗША.

«Пікейныя камізэлькі» з вялікім паліталагічным досведам эмацыйна і дбайна разважалі пра тое, як саудаўскі прынц паслаў лесам Джо Байдэна і забараніў яму ўезд у краіну. Так і сказаў амерыкосу: рукі больш не падам і каб гэтай брыды ніколі не было на нашай зямлі.

Звычайная, вы скажаце, рыторыка на дзяржаўным ТБ. Так, але ёсць нюанс. Інфармацыю пра сварку саудзітаў з Амерыкай Бачкоў і К узялі на расійскім сайце ІА «Панарама». Зразумела, што такая назва ўводзіць любога адэпта рэжыма ў ідэалагічную нірвану, але каб цалкам страчваць інтэлектуальную прытомнасць… Гэта нешта новенькае.

Любы абазнаны журналіст ведае, што ІА «Панарама» — гэта сатырычны праект, на якім кантэнт выдумляецца ад пачатку да канца, каб у гратэскнай форме паказаць жахі «нашага гарадка». А хто таго не ведае, той можа ў тры клікі ў тым разабрацца.

Напрыклад, пра сябе панарамаўцы кажуць у адпаведным раздзеле — «найстарэйшае савецкае і расійскае інфармацыйнае агенцтва, заснаванае ў 1822 годзе як асабістая кур'ерска-навінавая служба графа Шарамета фон Рабіновіча». У штаце рэдакцыі там тры чалавекі — рэдактар, журналіст і кладаўшчык. Нядзельныя загалоўкі ў стужцы навін: «Пушкіна ніколі не існавала, гэта містыфікацыя ў рускай літаратуры»; «Краіны НАТА вылучаць 50 мільярдаў долараў на дапамогу «Ісламскаму джыхаду»; «Тваё месца каля parascha: у Францыі спрабуюць расшыфраваць пасланне Макрону ад кіраўніка МЗС Беніна».

Магчыма, адну з гэтых тэм абмяркуюць на сатырычным тэлеканале АНТ на будучым тыдні.

 

Трэнеркай зборнай Беларусі па тэнісе стала спецыялістка па рукапашным баі

 

578d8bbeccb67547422bec811819f791.jpg

І яшчэ крыху пра спорт. Што прынцыпы кадравай палітыкі тут пазычылі аднекуль з летапісаў старажытных друідаў, заўзятары ведаюць і так. Федэрацыю хакея у Беларусі можа ўзначалісь вясляр, футбольную федэрацыю — палкоўнік артылерыі, Міністэрства спорту — ахоўнік Лукашэнкі. Але ж няма мяжы ў дасканаласці, і не далей як у суботу стала вядома: старэйшай трэнеркай нацыянальнай зборнай па тэнісе стала Валянціна Шышко. Сябра Беларускай федэрацыі рукапашнага бою і змяшаных адзінаборстваў.

Як жанчыну-рукапашніцу занесла на тэнісны корт, яшчэ трэба высветліць. Напэўна, не абыйшлося без чыёй-небудзь уплывовай пратэкцыі. Сама ж Валянціна тлумачыць нечаканы паварот у сваёй кар’еры на дзіва проста: «З маіх кар'ерных дасягненняў можна зрабіць выснову, што я не люблю і не магу сядзець на месцы. Заўсёды імкнуся да нечага большага». Такі вось рэцэпт: не сядзі на месцы, і лёс цябе абавязкова ўздыме на даходную пасаду ў галіне, у якой ты ні халеры не цяміш. І будзе табе шчасце.

Ці будзе шчасце беларускаму тэнісу? Пытанне рытарычнае, бо зборныя тут якраз адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў. Але кадравы пейзаж у федэрацыі склаўся прывабны: кіраўніком тут — былы гандбаліст, трэнерам зборнай — майстрыха па адзінаборствах. Засталося знайсці хаця б каго, хто ўмее трымаць у руках ракетку.