У 2017 годзе Беларусь зробіць свой першы электрамабіль
У 2017 годзе навукоўцы Акадэміі навук Беларусі плануюць прадставіць эксперыментальны ўзор электрамабіля. Пра гэта на тэлеканале СТВ распавёў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Ён адзначыў, што новы электрамабіль з'явіцца ў Год навукі ў Беларусі. "У нас будзе эксперыментальны ўзор, свой электрарухавік", — падкрэсліў Гусакоў.
Кіраўнік Акадэміі навук паведаміў, што беларускія навукоўцы маюць шэраг перспектыўных навуковых праектаў — у прыватнасці, інавацыі ў галіне энергетыкі і аднаўляльных крыніц энергіі. Таксама ёсць праекты па распрацоўцы новых сонечных і ветраўстановак.
Па словах Гусакова, працуюць беларускія спецыялісты і над вадароднай энергетыкай, у якой спрабуюць не адставаць ад сусветных распрацовак.