У 95-гадовай бабулі Дзяніса Івашына прайшоў ператрус

Журналіст там не жыве і не трымае ніякіх рэчаў.

123038712_10223885990168152_4604613775823535348_o.jpg

Пра тое, што сёння з ператрусам прыйшлі да сталай жанчыны, паведаміла жонка Дзяніса Івашына Вольга.
«Сёння з ператрусам заявiлiся i да 95-гадовай хворай бабулi Дзянiса, хоць ён там не жыве i нiякiх яго рэчаў там не было. Але ж галоўнае для нелюдзяў — ціск ды запалохванне, толькi гэтым i жыве рэжым унутранай акупацыi», — напісала Вольга Івашына.
Нагадаем, журналіста-расследавальніка, аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашына затрымалі ўвечары 12 сакавіка. Ператрус у яго кватэры ішоў больш за тры гадзіны, яго ладзілі пяцёра супрацоўнікаў КДБ. Пасля гэтага яны паехалі ладзіць ператрус у яго бацькоў, якія жывуць у прыгарадзе Гродна.
Пазней Вольга Івашына паведаміла, што сілавікі забралі ўсе носьбіты інфармацыі (тэлефоны, ноўтбукі, кампутары), сім-карты, банкаўскія карткі, кнігі, нататнікі, запісы, грошы ды розную драбязу кшталту сцяжкоў, значкаў, візітак ды інш. Вельмі цікавіла ўсё звязанае з Украінай, хоць артыкул крымінальны ў пастанове на ператрус нібы за распаўсюд асабістай інфармацыі.