У адным з гатэляў Мінска затрымалі крымінальнага аўтарытэта

Калі верыць МУС, затрыманы мае статус "смотрящего" за азербайджанцамі Украіны, піша Еўрарадыё.

smotryaschiy.jpg


20 лістапада ў адным з гатэляў Мінскага раёна па падазрэнні ў незаконным абароце зброі і наркотыкаў праваахоўнікі затрымалі 40-гадовага Рашада Мамед аглы Ісмаілава. Як паведаміла прэс-служба МУС учора, у крымінальным асяроддзі ён мае статус злодзея ў законе і мянушку "Рашад Гянджынскі". Затрыманне правялі супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі пры сілавой падтрымцы байцоў спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) унутраных войскаў.
Разам з Ісмаілавым былі затрыманыя яшчэ чацвёра ўдзельнікаў меркаванай злачыннай групы. МУС сцвярджае, што ў арандаваным дамку ды іх асабістым аўтатранспарце былі знойдзеныя пісталет Макарава, пісталет ТТ, 14 баявых патронаў, а таксама гашыш.
Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, Ісмаілаў з'яўляецца так званым "смотрящим" за азербайджанскай дыяспарай Украіны. Як "Рашад Гянджынскі", так і затрыманыя з ім мужчыны неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці на тэрыторыі Расіі ды Украіны. Яны былі фігурантамі крымінальных спраў за карысліва-гвалтоўныя злачынствы супраць бізнесоўцаў — выхадцаў з Азербайджана, якія валодаюць гандлёвымі цэнтрамі і аптовымі рынкамі ў розных рэгіёнах Расіі ды Украіны.