У актывіста Леаніда Кулакова за нясплачаныя штрафы арыштавалі аўто
У актывіста Леаніда Кулакова, які працуе таксістам, за нясплачаныя штрафы, арыштавалі аўто. Дакумент падпісаны судовае выканаўцай Людмілай Клыгай — той самае, якая арыштоўвала аўтамабіль Зьмітра Дашкевіча, інфармуе svaboda.org
На аўтамабіль «Фальксваген Туран» таксіста Леаніда Кулакова накладзены арышт. Дакумент Кулакову даслалі 4 лютага з воргана прымусовага выканання Першамайскага раёну гораду Менску. Паводле дакумента, забраць аўтамабіль Леаніда Кулакова пад арышт даручана супрацоўнікам ДАІ.
«Гэта можа адбыцца ў любы момант. Вось хоць у гэтую хвіліну», — кажа таксіст svaboda.org і дадае:
«Працую толькі таксістам, іншых крыніц прыбытку не маю. На судах пасля акцый заўсёды кажу суддзям, каб, калі ўжо прызнаюць вінаватым, давалі мне не штраф, а суткі, што гатовы да арышту».
У каментары svaboda.org, Кулакоў кажа, што задача ўладаў — знішчыць чалавека эканамічна, «абабраць яго да ніткі». Але падкрэслівае, што не адмовіцца ад сваіх палітычных поглядаў:
«Хай прыходзяць дамоў, арыштоўваюць апошнюю маёмасць, але, як змагаўся за свае правы, гэтак і буду змагацца».
Раней інтэрнэт-супольнасць знайшла судовую выканаўцу, якая канфіскоўвала аўта Дашкевіча. Пасля шквалу абурэння з боку карыстальнікаў сацсеткі, жанчына выдаліла профіль «УКантакце». Беларусы падтрымліваюць адзін аднаго, як могуць. Змітру Дашкевічу невядомы даў $ 2000, каб ён мог вярнуць сваё канфіскаванае аўта.
«Пры тым, што я ні да кога не звяртаўся і не прасіў дапамогі, дзясяткі людзей за гэтыя пару дзён напісалі з прапановаю дапамагчы! Дзякуй кожнаму добраму сэрцу за падтрымку, малітвы, дапамогу!»
Паводле Белсат, «Радыё Свабода»