У Бабруйску заменяць кола агляду ў гарадскім парку. Кошт новага можа скласці мільён долараў

Яшчэ ў 2018 годзе паведамлялася, што кола агляду ў гарадскім парку культуры і адпачынку Бабруйска будзе заменена. Нагадаем, што гэты атракцыён з'явіўся больш за паўстагоддзя таму, і яго вышыня складала 20 метраў.

koleso_0401.jpg

«Кола не карысталася асаблівым попытам. Ды і наведвальнікі скардзіліся, што з яго вышыні бачныя толькі верхавіны дрэў. Хочам замяніць яго больш высокім», — адзначаў тады дырэктар парку Сяргей Белазаровіч.

У сакавіку 2020 года на сайце Магілёўскага аблвыканкама была размешчаная інфармацыя аб праекце «Кола шчасця», тэрмінам рэалізацыі на 2020-2023 гады. Арганізацыя-заяўнік — ГУК «Парк культуры і адпачынку г. Бабруйска», а задача праекта — ўстаноўка новага кола агляду вышынёй у 40-50 метраў, адзначае «Камерцыйны кур'ер».

У графе «Агульны аб'ём фінансавання» паказаная сума — 1 млн. даляраў, прычым сродкі донара павінны былі складаць 980 тыс. даляраў, сафінансаванне — 20 тыс.даляраў. Мяркуючы па тым, што праект дагэтуль размешчаны на сайце аблвыканкама, яго выкананне пакуль не пачата.

Па словах відавочцаў, кола знялі з восі яшчэ ў снежні, і частка канструкцыі ўжо вывезеная на металалом. Зараз, у пачатку 2021-га, бабруйчане могуць бачыць частку кола, што ляжыць побач з апорамі. Нам не ўдалося атрымаць каментар дырэкцыі парку аб тым, што менавіта зробяць з атракцыёнам. Але, мяркуючы па ўсім, гэтаму колу агляду больш не круціцца.