У Беларусі пачынаецца цэнтралізаванае тэставанне — абітурыенты здаюць беларускую мову
У аўторак, 11 чэрвеня, у Беларусі пачынаецца цэнтралізаванае тэставанне. Першым выпрабаваннем для абітурыентаў будзе беларуская мова.
Усяго на гэты прадмет запісалася больш за 22 тысячы чалавек.
Сённяшняе выпрабаванне (зрэшты, як і ўсе іншыя) пачнецца ў 11:00.
Нагадаем, калі пройдзе ЦТ па іншых дысцыплінах:
руская мова — 13.06 .;грамадазнаўства — 15.06 .;матэматыка — 17.06 .;біялогія — 19.06 .;замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — 21.06 .;хімія — 23.06 .;фізіка — 25.06 .;гісторыя Беларусі — 27.06 .;геаграфія — 29.06 .;сусветная гісторыя (найноўшы час) — 1.07.
Таксама ўстаноўлены рэзервовыя дні для правядзення выпрабаванняў: 6 і 8 ліпеня па беларускай і рускай мовах і 6 і 10 ліпеня — па астатніх прадметах.
Зарэгістравацца для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні можна будзе з 30 чэрвеня па 2 ліпеня. Тэставанне ў гэтыя дні правядуць у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Атрымаць сертыфікаты абітурыенты змогуць у пунктах правядзення тэставання з 10 ліпеня, у БДУ (рэзервовыя дні) — з 13 ліпеня.
На ўзровень вышэйшай адукацыі I ступені прыём будуць ажыццяўляць 47 устаноў вышэйшай адукацыі. У гэтым годзе прыём не праводзяць дзве ВНУ: Міжнародны сацыяльна-эканамічны інстытут і прыватны Інстытут кіравання і прадпрымальніцтва.
На ўзровень вышэйшай адукацыі I ступені плануецца прыняць за кошт сродкаў бюджэту 26,6 тысячы чалавек, што на 0,7% перавышае план прыёму 2018 года. План прыёму на дзённую форму навучання адбыўся за кошт медыцынскіх спецыяльнасцяў і спецыяльнасцяў фізічнай культуры і спорту.
На платнай аснове плануецца прыняць 28,1 тысячы чалавек. Гэта на 1% перавышае леташні план. На дзённай форме колькасць студэнтаў павялічыцца за кошт IT- спецыяльнасцяў і спецыяльнасцяў фізічнай культуры і спорту.
Паводле naviny.by