У Беларусі стварылі тэставую базу «дармаедаў»

Дасылаць пісьмовыя апавяшчэнні аб «дармаедстве» незанятым у эканоміцы не будуць. І  праверыць, ці вы ў базе, пакуль нельга, паведамляе «Радыё Свабода».

darmaediakcia__1_of_1__27_logo_1_logo_1.jpg

У Беларусі сфармавалі «пробную» базу звестак працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, піша Tut.by са спасылкай на Міністэрства працы. Фінальную версію базы мусяць стварыць да 1 снежня.

Праверыць, ці вы ў базе, пакуль нельга.

Плануецца, што кожны грамадзянін зможа праверыць, ці адносіцца ён да «дармаедаў». База будзе публічная, але можна будзе атрымаць доступ толькі да інфармацыі пра сябе. Цяпер улады распрацоўваюць праграмнае забеспячэння, якое ня будзе публічна размяшчаць персанальныя дадзеныя.

Дасылаць пісьмовыя апавяшчэнні аб «дармаедстве» незанятым у эканоміцы не будуць.

25 студзеня 2018 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 аб садзейнічанні занятасці насельніцтва. Гэты дакумент прыйшоў на змену дэкрэту № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» ад 2 красавіка 2015 году.

 

Хто такія «дармаеды»?

Першы дакумент аб «дармаедах» абавязваў грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і ня ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 году. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленні.

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.

 

darmaediakcia__1_of_1__25_logo_1_logo_1_1.jpg

 У сакавіку, пасля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, Лукашэнка пастанавіў прыпыніць дзеянне дэкрэту на год, але пазней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы, як абнавіць дэкрэт, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да кастрычніка 2017-га.

У абноўленым дэкрэце новага азначэння дармаедаў няма. У пастанове Савету Міністраў ад 31 сакавіка выкарыстоўваюцца азначэнні «працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы» і «працаздольныя непрацуючыя грамадзяне».

«Не занятымі ў эканоміцы» будуць лічыць грамадзян Беларусі, якія не ажыццяўляюць працоўную, рамесную, творчую, навучальную ці іншую дзейнасць.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі найбуйнейшых дзяржаўных СМІ краіны 10 красавіка заявіў, што асноўная сутнасць дэкрэту № 1 у тым, каб людзі працавалі і аплочвалі паслугі дзяржавы, у тым ліку ў ахове здароўя, ЖКГ.