У Беларусі штогод расце колькасць ВІЧ-інфікаваных

Колькасць носьбітаў ВІЧ-інфекцыі ў Беларусі штогод расце за кошт уразлівых груп, паведаміў намеснік галоўнага лекара Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы сталіцы, галоўны пазаштатны спецыяліст па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ-інфекцыяй Міністэрства аховы здароўя Алег Скрыпко.

addict_2713620_1280.jpg

За два апошнія гады колькасць ВІЧ-інфікаваных у краіне павялічылася з 17 да 19 тыс. чалавек. Паводле яго слоў, «асноўныя распаўсюднікі інфекцыі — наркаспажыўцы і работнікі сэкс-індустрыі — групы, якія практычна ніяк не кантралююцца».
«Удзельнікі сэкс-бізнэсу — гэта вельмі закрытая група, падабрацца да яе вельмі складана. А з улікам таго, што гэтая дзейнасць пераследуецца праваахоўнымі органамі, яны хаваюць свае праблемы да апошняга, пакуль не трапляюць у бальніцы ў тэрмінальнай стадыі захворвання», — распавёў Скрыпко.
Сярод агульнага насельніцтва колькасць ВІЧ-інфікаваных таксама расце, але нязначна, падкрэсліў ён. «Усё ж такі звычайныя людзі здаюць аналізы, абследуюцца. Кроў на ВІЧ хоць бы раз-два, а то і тры ў жыцці, напэўна, здае кожны чалавек, — адзначыў ён. — А ў гэтых групах вірус усплывае толькі тады, калі ў чалавека пачынаецца менінгіт, пнеўмацыстная пнеўманія — захворванні, дзе ніяк нельга абысціся без медыцынскай дапамогі».
Скрыпко падкрэсліў, што дзякуючы шырокай інфармацыйнай кампаніі прафілактыкі ВІЧ і СНІД, даступнасці ананімнага абследавання, тэстаў для саматэставання ў аптэках, у краіне атрымоўваецца стрымліваць рэзкі рост захворвання: «Калі б у нас не было ўсіх гэтых мерапрыемстваў, эпідэмія ВІЧ / СНІД у краіне не ўдалося б у канцэнтраванай стадыі столькі гадоў. Яна даўно б перайшла ў генералізаваную — вышэйшую стадыю распаўсюджвання інфекцыі, як у некаторых краінах».
У Беларусі, адзначыў ён, працэнт ВІЧ-інфікаваных у некалькі разоў ніжэй, чым у суседніх краінах. «Калі ў сярэднім па рэспубліцы ў нас 0,28% носьбітаў ВІЧ, то ў некаторых рэгіёнах Расіі даходзіць да двух працэнтаў. Ва Украіне гэты працэнт можа быць значна больш, ды і дакладнай статыстыкі там, напэўна, няма», — распавёў ён.
Самая спрыяльная сітуацыя з ВІЧ / СНІД у краінах Заходняй Еўропы, адзначыў Скрыпко. «Там шырока працуюць прафілактычныя праграмы з групамі сэкс-індустрыі і наркаспажыўцоў. У некаторых краінах прастытуцыя легалізавана, і як бы там ні было, а з пункту гледжання эпідэміялогіі гэта лепш, чым ніяк, — распавёў ён. — У нас таксама стараюцца працаваць на прафілактыку ва ўразлівых групах. Напрыклад, на аўтамабільных трасах. Гэта грамадскія арганізацыі, такія як „Пазітыўны рух“, Чырвоны Крыж. І міліцыя ім не перашкаджае».
На думку прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя, для паспяховай працы з уразлівымі групамі, магчыма, патрэбныя нейкія змены ў заканадаўстве, каб гэтыя людзі маглі звяртацца за інфармацыяй і меддапамогай, не баючыся патрапіць у праваахоўныя органы. «Мы лічбы агучваем, прапановы ўносім, а прымаць рашэнні павінны ўрад», — сказаў на заканчэнне ён.
Паводле naviny.by