У Беларусі ўскладняюць экзамен на правы для матацыклістаў
У Беларусі ўскладняецца экзамен на правы для матацыклістаў. Такую пастанову №280 ад 2 кастрычніка прыняло МУС. Дакумент апублікаваны сёння, 21 кастрычніка, на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набудзе моц праз шэсць месяцаў пасля апублікавання, то бок, у красавіку наступнага года.

Паводле новых правілаў, праверка навыкаў кіравання матацыклам будзе праводзіцца на спецыяльнай пляцоўцы. Давядзецца выконваць рух па прамой з пераключэннем перадачаў з ніжэйшай на вышэйшую і наадварот, кіраванне на мінімальнай хуткасці (“калейная дошка”), развароты малога радыуса (габарытная “васьмёрка”). Таксама давядзецца выканаць павароты малога радыуса (габарытная “змейка”), манеўраванне ва ўмовах абмежаванага часу, тармажэнне і спыненне пры руху на другой хуткасці.
У дакуменце прыведзеныя нормы часу на выкананне тых ці іншых элементаў, а таксама іншыя крытэрыі ацэнкі. Практычны экзамен будзе лічыцца не здадзеным, калі не выкананы адзін з элементаў, калі матацыкліст адмовіўся ад яго выканання, дапусціў падзенне ці шэраг іншых памылак, таксама пазначаных у правілах.
Паводле «Еўрарадыё»