У Беларусі запушчаны анлайн-сэрвіс маніторынгу сімптомаў каронавіруса
У Беларусі з’явіўся анлайн-сэрвіс, які вызначае, ці знаходзіцца карыстальнік у групе рызыкі па каронавірусе і ці не пара яму звярнуцца да лекара. Яго запусціў рэзідэнт ПВТ кампанія Grin IT.
Сэрвіс SENS MD бясплатны і дазваляе карыстальніку штодня фіксаваць свае сімптомы — тэмпературу цела, кашаль, ламату цягліц і г.д., — адсочваць іх дынаміку і атрымліваць рэкамендацыі наконт паводзінаў і неабходнасці звярнуцца да медыкаў. Для гэтага трэба толькі пазначыць імя, пад якім захаваецца ваш профіль на сайце. Іншыя дадзеныя, у тым ліку электронную пошту, прадастаўляць неабавязкова.
«Галоўная мэта праекта SENS MD — інфармаваць карыстальнікаў аб характэрных для COVID-19 сімптомах. Аднясенне пацыентаў у групу рызыкі з’яўляецца ўмоўным і можа быць вельмі недакладным. Рэкамендацыі прыкладання нельга разглядаць як медыцынскія распараджэнні», — падкрэсліваюць распрацоўшчыкі ў апісанні праекта на сайце.
У дадатак яны спадзяюцца, што сэрвіс дапаможа трохі знізіць нагрузку на сістэму аховы здароўя, бо карыстальнікі з нязначнымі сімптомамі будуць атрымліваць рэкамендацыю не бегчы ў лякарню, а сядзець дома і сачыць за сваім станам.
Зараз сэрвіс працуе ў бэта-версіі на дэсктопе, але ўжо ў бліжэйшыя дні павінна з’явіцца і мабільная версія. Акрамя таго, стваральнікі працуюць над функцыяналам карыстальніцкага кабінета і апавяшчэнняў.
Паводле reform.by