У Беларусі зменшылася колькасць прыхільнікаў саюза з Расіяй

У лістападзе прыхільнікаў саюза з Расіяй у Беларусі стала менш на 11% у параўнанні з вераснем гэтага года. Пра гэта сведчыць апытанне Беларускай аналітычнай майстэрні (БАМ), праведзенае ў пачатку лістапада. Кіраўнік БАМ доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі ў гутарцы з "Коммерсантом" дапусціў, што гаворка можа ісці аб фарміраванні новага трэнду, які ў перспектыве здольны выклікаць геапалітычнае напружанне ў адносінах з Расіяй.

img_7948_1280x853_logo_1.jpg

Апытанне праводзілася 5-8 лістапада з дапамогай сістэмы выпадковага абтэлефаноўвання рэспандэнтаў Random Digital Dialling. Сістэма генеруе выпадковыя нумары асноўных сотавых аператараў і датэлефаноўваецца па іх. У апытанні, распавёў Андрэй Вардамацкі, прынялі ўдзел 1008 рэспандэнтаў. Пытанне ім задавалі аператары, а сфармуляванае яно было так: «На ваш погляд, у якім саюзе дзяржаў было б лепш жыць народу Беларусі — у Еўрапейскім звязе або ў саюзе з Расіяй?».
Даследаванне выявіла істотныя змены ў параўнанні з папярэднім апытаннем, якое БАМ правяла ў верасні гэтага года. За знаходжанне ў саюзе з Расіяй у лістападзе адказалі 40% апытаных, тады як у верасні такіх было 51,6%. Зніжэнне колькасці прыхільнікаў саюза з Расіяй, такім чынам, склала 11,6%. Праеўрапейская ж арыентацыя ў параўнанні з вераснем насупраць прадэманстравала рост: 33% у лістападзе супраць 26,7% у верасні.
Змены, адзначае Андрэй Вардамацкі, выходзяць за рамкі статыстычнай хібнасці, якая ў дачыненні да гэтай выбаркі складае 3,2%. Таму, кажа эксперт, можна казаць аб тым, што даныя апытання з'яўляюцца адлюстраваннем рэальнага дынамічнага працэсу.
«Мы бачым, што адбываецца збліжэнне дзвюх пазіцый — прарасійскай і праеўрапейскай, адбываецца вяртанне да традыцыйнай бівектарнасці, якая назіралася ў Беларусі да моманту пашырэння ЕС у 2004 годзе. Пасля гэтага быў пад'ём прарасійскай арыентацыі, і Расія доўга была ў калідоры 60% у рамках пытання, якое было сфармулявана ў нашым апытанні», — сказаў сацыёлаг.
Пытанне, па словах спадара Вардамацкага, заключаецца ў тым, ці ілюструе апытанне пачатак трэнду. Сацыёлаг нагадвае, што за ўвесь час беларускага пратэсту, які пачаўся ў жніўні і ня скончыўся дагэтуль, там цалкам адсутнічала геапалітыка: «У адказ на пытанне, чаму выйшлі людзі, называлі самыя розныя прычыны: рэакцыя ўлады на каронавірус, гвалт, фальсіфікацыі на выбарах. Прычым гвалт быў галоўнай прычынай. Але ніхто не казаў, што выйшаў таму, што хоча бліжэй да ЕС і далей ад Расіі ці наадварот».
Усім была зразумелая прынцыповая розніца паміж беларускім пратэстам і ўкраінскім Майданам, у якім быў выразны і ясны геапалітычны складнік, працягвае Андрэй Вардамацкі. У Беларусі, зазначае ён, геапалітыкі не было і цяпер можа быць пераломны момант, калі геапалітычны складнік можа ўзнікнуць.
«Калі геапалітычны складнік увойдзе ў матывацыйную структуру беларускага пратэсту, у будучыні гэта можа выклікаць геапалітычнае напружанне ў адносінах з Расіяй», — кажа эксперт.
Той факт, што змяненне ў геапалітычных перавагах было зафіксавана толькі цяпер, Андрэй Вардамацкі тлумачыць тым, што грамадства толькі цяпер адрэфлексавала крокі Масквы, накіраваныя на падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.