«У Брагіне прайшло пасяджэнне па ўзнаўленні статка». Чым дзяржСМІ рвуць аўдыторыю

Пасля леташніх скаргаў на беднасць і масавае енчанне грошай на «медыя-танкавую дывізію» беларускія дзяржСМІ ўзбадзёрыліся. Ці тое грошы знайшліся, ці тое вокрык зверху спыніў гаротныя настроі. Напярэдадні вялікага электаральнага паходу прапагандысты дэманструюць поўную гатоўнасць рваць за ўладу апошнюю кашулю. Вядома, з папраўкай на сваё ўяўленне аб выдатным і абмежаваны кадравы патэнцыял, піша planbmedia.io.

zaholovok_hazeta_belarus_strany_6000507.jpeg

Машына прапаганды разганяецца

На пасяджэнні калегіі Мінінфарма, якое праходзіць у аўторак, улады і ідэалагічны актыў краіны дэманстравалі бадзёрасць і стрыманы аптымізм.

«Нашы СМІ ўжо пераадолелі планку працы ў звычайных фарматах. Тэлебачанне, радыё, газета — практычна ўсе СМІ набралі вялікія абароты па працы ў лічбавым асяроддзі. І трэба сказаць, што ў тым ліку і рэгіянальныя СМІ ў 2023 годзе вельмі сур'ёзна падцягнуліся. Таму нам трэба будзе проста нарошчваць гэты патэнцыял, выкарыстоўваць лепшыя практыкі, самыя паспяховыя прыклады для гэтай працы», — заявіў намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі.

У прынцыпе, улады сапраўды навучыліся маніпуляваць не толькі тыражамі друкаваных СМІ, але і лічбамі ў анлайне. Калі ўжо ў газетах можна выдаваць тыднёвы тыраж з дадаткам за сутачны, ды яшчэ ва ўмовах прымусовай падпіскі, дык хіба ж ім з лічбай не справіцца.

І вось, да прыкладу, у Youtube-канала АТН — 1,1 мільён падпісчыкаў, у АНТ — 1 мільён, СТВ — пад 900 тысяч. А тое, што сярэдняя колькасць праглядаў відэа — 1-2 тысячы, з рэзкім уздымам да 10-20 тысяч у роліках пра надвор'е, дык гэта дробязі. Падкіне бюджэт на платнае прасоўванне — сыдзем у адрыў. Любы капрыз за вашы грошы.


Глядзіце таксама

Раўненне на лепшых

Луцкі заявіў, што ад флагманаў не адстаюць і раёнкі. Больш за тое, рэгіянальная прэса, якую думалі нават прыкрыць, перажывае новыя часы перараджэння.

У якасці ўзору прапанавалі цуд ад Мінаблвыканкама — «Мінскую праўду». Акрамя брыдкіх карыкатур (за некаторыя, накшталт пасквіля на каталікоў, нават губернатару асабіста прасіць прабачэння даводзілася) тут і жахі пра жыццё ў Еўропе, і выдатныя рэпартажы пра ўсё на свеце.

Вось ужо жыватворны жанр. Нічога не схаваеш, ні непісьменнасці і коснаязыкасці аўтара, ні ўбоства беларускага побыту за МКАДам. Для прыкладу возьмем свежую гісторыю са зніклымі ў нядзелю ў Пухавіцкім раёне дзяўчынкамі двух і чатырох гадоў. Дзяўчынкі сіламі міліцыі, МНС і валанцёраў атрада «Анёл» знайшліся. А масціты аўтар узорнага выдання адправілася пісаць пра сям'ю дзяцей, якія апынуліся ноччу ў лесе.

«Тэрыторыя дома не прыбраная, побач пасвілася брудная карова, як папала бегалі куры», — наракае журналістка. Маці ў шматдзетнай сям'і чакае сёмае дзіця і не п'е. «Яна і карову падоіць, за цялём глядзіць, свіней і курэй накорміць. Наварыць скаціне жрачку, дзецям насмажыць усяго. Цэлае лета яны на малацэ», — цытуюцца суседзі.

А так усё добра, толькі ў доме вады няма, а вакол — плота. «Зразумець можна, дзяцей шмат — на іх грошы патрэбныя, яшчэ ўнутранае ўбранне дома трэба наладжваць. Раней людзі таксама бедна жылі, на лаўках спалі, але затое чысценька, акуратненька было, хоць раскошы ніякай асабліва», — цытуецца ў рэпартажы чарговая суседка.

Ну так, жрачкі наварыць, можна і за ўбранне ўзяцца.


Глядзіце таксама

Год усебеларускай якасці

«Толькі якасным і праўдзівым кантэнтам можна дамагацца ўвагі чытачоў, гледачоў і слухачоў», — вяшчаў на калегіі міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў.

А памылкі арфаграфічныя, лексічныя і стылістычныя, адсутнасць логікі — гэта буржуйскія забабоны. Нашы раёнкі вышэй гэтай дробнай мітусні. «Веснік Чэрыкаўшчыны» (не прызнаны экстрэмісцкім) не дасць схлусіць. Так што калі вы любіце загалоўкі ў стылі «У Брагіне прайшло пасяджэнне абласной рабочай групы па ўзнаўленні статка», вам сюды. І Пярцова з Луцкім падпішыце.

Цяпер яшчэ на медыяхолдынг Саюзнай дзяржавы абяцаныя 11 мільёнаў долараў асвоім, і ворагі будуць зрынутыя: у тэлевізары, Youtube, «Тэлеграме» і далей усюды. Увогуле, разганяецца машына прапаганды добра. Толькі вось тармазіць і паварочваць не ўмее. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.