У Брэсце аштрафавалі за бел-чырвона-белую падсветку дома
Брэсцкія чыноўнікі заявілі, што бел-чырвона-белая падсветка «парушае архітэктурнае аблічча будынка», паведамляе «Еўрарадыё».
У Брэсце суд аштрафаваў старшыню таварыства ўласнікаў «Луцкая 64» Віталя Сімановіча за бел-чырвона-белую падсветку дома. А калі больш дакладна — за невыкананне пісьмовага патрабавання адміністрацыі Маскоўскага раёна.
Як паведамляе binkl.by, чыноўнікі заявілі, што бел-чырвона-белая падсветка «парушае архітэктурнае аблічча будынка». Яна з'явілася ў канцы лета, калі хтосьці ў лоджыях замяніў лямпачкі. Большасць сябраў таварыства не былі супраць такіх колераў асвятлення. Нібыта не былі супраць і ратавальнікі.
Аднак чыноўнікі запатрабавалі да 14 верасня зрабіць асвятленне такім, якім яно было раней. Старшыня таварыства запытаўся ў чыноўнікаў, якія менавіта пункты праектнага рашэння былі парушаны. Тым часам работнікі ЖРЭУ разам з міліцыянерамі неаднаразова спрабавалі павыкручваць лямпачкі, што ў выніку і зрабілі.
Як паведамляе brestspring.com, старшыню таварыства ўласнікаў аштрафавалі на 405 рублёў (на 15 базавых велічынь).