У Брэсце пасля нядзельнай акцыі знік праваабаронца

Пра праваабаронцу «Вясны» з Брэста Уладзіміра Вялічкіна нічога не вядома было амаль суткі. Праз нейкі час пасля напісання яго жонкай раніцай 11 траўня заявы пра знікненне чалавека, праваабаронца нібыта знайшоўся ў Кобрынскім ІЧУ.

vialichkin_2019.jpg


Адразу пасля традыцыйнай акцыі “кармлення галубоў”, назіраннем за якой займаўся праваабаронца ў нядзелю, 10 траўня, ён перастаў выходзіць на сувязь.

На ўсе тэлефанаванні ў раённыя аддзелы міліцыі, у ізалятар часовага ўтрымання і СІЗА жонцы Вялічкіна адказвалі, што такога чалавека ў іх няма.

Сёння раніцай Маргарыта Вялічкіна заявіла, што падала вусную заяву аб знікненні чалавека. Пазней ёй паведалі, што да яе прыедуць супрацоўнікі міліцыі і возьмуць пісьмовыя тлумачэнні аб абставінах знікнення — калі ён апошні раз выходзіў на сувязь, у што быў апрануты і г.д. Сказалі таксама што агульнай базы ў іх нібыта няма і праверыць, ці знаходзіцца праваабаронца ў іх структурах, яны не могуць.

Лёс зніклага праваабаронцы таксама непакоіў ягоных сяброў і калег.

Пазней, 11 траўня, Маргарыта Вялічкіна даведалася, што праваабаронцу затрымалі супрацоўнікі Ленінскага РАУСа прыкладна ў 13-30 10 траўня. Пазней яго даставілі ў Кобрынскі ІЧУ, дзе ён і знаходзіцца цяпер.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Паводле spring96.org